Ярмошына незадаволена вялікай колькасцю назіральнікаў ад АБСЕ
Старшыня Цэнтрвыбаркама лічыць несправядлівым, што ў Беларусь прыязджае некалькі сотняў назіральнікаў, а ў краіны Заходняй Еўропы толькі 15-40 чалавек. Па яе меркаванні, гэта сведчыць пра перадузятасць місіі.
Пра гэта Лідзія Ярмошына заявіла ў інтэрв’ю дзяржаўным СМІ. “Адрозненне ў гэтым сэнсе паміж Захадам і Усходам проста каласальнае. Калі ў Германію, дзе пражывае 80 мільёнаў чалавек, едзе місія з 15 чалавек, а ў Беларусь, дзе пражывае 9 мільёнаў, іх 700, вы самі разумееце, што задачы ў кожнай назіральнай місіі розныя”, - цытуе Ярмошыну “Народная газета”.
На ўчарашняй прэс-канферэнцыі кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі Антоніа Мілашоскі патлумачыў, што колькасць назіральнікаў вызначаецца па двух фактарах. “Першы – гэта дадзеныя місіі па ацэнцы патрэбаў для назірання. Місія кіруецца папярэднім досведам працы ў краіне і выніковымі справаздачамі, якія выходзілі па выніках выбараў у краіне. Другі фактар – даступнасць і жаданне краінаў-удзельніц АБСЕ даслаць сваіх назіральнікаў на выбары ў тую ці іншую краіну”. Эксперт падкрэсліў, што місія мае збалансаваную колькасць назіральнікаў як з Усходняй, так і з Заходняй Еўропы. “У нас ёсць назіральнікі як з Арменіі, так і з Германіі, як з Грузіі, так і з Італіі, як з Казахстана, так і з ЗША”, - адзначыў ён.
Аднак такі аргумент Ярмошыну не пераконвае. “Прадстаўнікі краін СНД, якія працуюць у АБСЕ, часта ў сваіх краінах з'яўляюцца апазіцыяй. І казаць пра тое, што яны звязаныя якімі-небудзь інтэрнацыянальнымі поглядамі ў адносінах да Беларусі, не даводзіцца. Вядома, ёсць і некаторы колькасць людзей, якія прыязджаюць у Беларусь з сяброўскімі намерамі. Але іх меркаванні папросту не ўлічваюцца”, - пракаментавала старшыня ЦВК.
Кіраўніцтва ЦВК загадзя настроена песімістычна ў адносінах да працы назіральнікаўАБСЕ. “У Беларусі і іншых дзяржавах СНД высновы складаюцца процілеглым чынам, гэта значыць спачатку пішацца добрае, але сканчваецца дрэнным”, - цытуе Ярмошыну “Советская Белоруссия”.
Плануецца, што ў місію БДІПЧ АБСЕ у на сёлетніх
выбарах увойдуць 36 доўгатэрміновых і 270 кароткатэрміновых назіральнікаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма