Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Брэст: кандыдат скардзіцца на абмежаванасць месцаў для агітацыі

  • Ігар Маслоўскі
    Ігар Маслоўскі

Кандыдат у дэпутаты па Брэсцкай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №2 Ігар Маслоўскі накіраваў скаргу ў Брэсцкі аблвыканкам наконт вызначаных у абласным цэнтры месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў падчас агітацыйнай кампаніі.

У сваёй скарзе (копія яе накіравана таксама ў Цэнтрвыбаркам) Маслоўскі паведамляе, што, згодна з рашэннем Брэсцкага гарвыканкама №1611 ад 09.08.2012 года “Аб вызначэнні месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў”, ладзіць сустрэчы з выбаршчыкамі на тэрыторыі сваёй акругі ён можа толькі ў двух месцах – на стадыёне “Лакаматыў” і спартыўнай пляцоўцы Цэнтра алімпійскага рэзерву па футболу. Астатнія месцы, пералічаныя ў згаданым рашэнні гарвыканкама, знаходзяцца на тэрыторыі іншых выбарчых акругаў. Акрамя таго, і гэтыя дзве пляцоўкі знаходзяцца на значнай адлегласці ад месцаў, дзе жывуць выбаршчыкі, і незабяспечаныя грамадскім транспартам. Такім чынам, сцвярджае Маслоўскі, правядзенне мерапрыемстваў і сустрэчаў з выбаршчыкамі ў гэтых месцах немагчыма, а сваім рашэннем Брэсцкі гарвыканкам абмяжоўвае правы кандыдатаў у дэпутаты.

Адначасова Ігар Маслоўскі нагадвае, што раней мясцовыя ўлады забаранілі ладзіць пікеты для збору подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты на ўсіх цэнтральных вуліцах Брэста і змянілі свае рашэнне толькі пасля ўмяшальніцтва аблвыканкаму, куды накіравалі скаргу прадстаўнікі палітычных партыяў. Таму кандыдат у дэпутаты просіць Брэсцкі албвыканкам, у адпаведнасці з Канстытуцыяй РБ і выбарчым заканадаўствам, і зараз абавязаць гарадскія ўлады ўнесці змены ў сваё рашэнне, каб пашырыць пералік месцаў, дзе можна праводзіць масавыя мерапрыемствы з удзелам кандыдатаў у дэпутаты.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма