Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Вілейка: супрацоўнік КДБ -- без альтэрнатывы

  • Будынак КДБ ў Менску
    Будынак КДБ ў Менску

У Вілейскай акрузе №74 з пяці прэтэндэнтаў у кандытаты раптам застаўся толькі адзін – начальнік галоўнага ўпраўллення эканамічнай бяспекі КДБ Русак Віктар Уладзіміравіч.

 

Па словах аднаго з прэтэндэнтаў Уладзіміра Малярчука, паседжанне камісіі па рэгістрацыі, якое адбывалася 22 жніўня, праходзіла вельмі нервова і хутчэй нагадвала трыбунал. Склалася ўражанне, што ўсё было запланавана загадзя, прадстаўнікі камісіі нікога не выслухоўвалі і не спрабавалі разабрацца ў спрэчных пытаннях.

Дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі падавалі: Віктар Русак - супрацоўнік КДБ, Ігар Барысавец - дырэктар Мядзельскага кінатэатра, Юры Краўчонак – вылучэнец ЛДПБ, Іосіф Маціюн – прадстаўнік “Справядлівага свету” і Уладзімір Малярчук – прадстаўнік АГП.

Віктар Русак і Ігар Барысавец ішлі шляхам збору подпісаў і абодва маглі б быць зарэгістраванымі. Але нечакана Ігар Барысавец напярэдадні паседжання па рэгістрацыі напісаў заяву аб адмове ўдзелу ў выбарах. Гэта выглядае дзіўным, чаму чалавек, які прыкладаў намаганні, каб сабраць больш за тысячу подпісаў - раптоўна сам перадумаў ісці далей.

Прадстаўніка ЛДПБ не зарэгістравалі з-за таго, што знайшліся крыніцы даходаў, не пазначаныя ў падаткавай дэкларацыі.

Прычыну, па якой не быў зарэгістраваны Уладзімір Малярчук, ён сам акрэслівае як проста “абсурдную”: быццам бы ён не пазначыў у дэкларацыі, што з’яўляецца ўладальнікам дачнага доміка. Толькі справа ў тым, што дачу Малярчук прадаў больш за 10 гадоў таму, і ўжо пасля гэтага тройчы прымаў удзел у выбарах у якасці кандыдата, не пазначаючы гэту маёмасць у дэкларацыі. Калі ён паспрабаваў даказаць сваю правату камісіі, прад’яўляючы дакумент продажу дачы, прадстаўнікі камісіі адказалі, што новы ўладальнік (які ўжо даўно жыве за мяжой) не аформіў да канца дакументы, і значыць, Малярчук павінен сам ... знайсці яго і абавязаць усё правільна зарэгістраваць.

Уладзімір Малярчук паведамляе, што збіраецца абскарджваць рашэнне камісіі ў судзе, і жартуе, што калі суд прызнае яго ўладальнікам дачнага доміка, то ён будзе там жыць.

За тое, каб быў зарэгістраваны прадстаўнік “Справядлівага свету”, дэпутат райсавета Іосіф Маціюн, камісія прагаласавала станоўча. Але – нечакана кандыдат зрабіў заяву аб тым, што ён здымае сваю кандыдатуру ў сувязі з тым, што яго сям’ю пачалі турбаваць супрацоўнікі КДБ.

Для ўсіх прысутных на паседжанні такі расклад падзеяў быў поўнай нечаканасцю.

Відавочна, што ўрэшце самі прадстаўнікі камісіі (ці тыя, хто ім “падказвае”) самі зараз знаходзяцца ў роспачы ад таго, што “перастараліся” – і выбары па Вілейскай акрузе наогул могуць быць безальтэрнатыўнымі.

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма