Магілёў: Затрыманне мясцовых каардынатараў кампаніі “За справядлівыя выбары”
23 жніўня былі затрыманы міліцыянтамі мясцовыя каардынатары па арганізацыі працэсу назірання ў межах кампаніі “За справядлівыя выбары” Юрый Новікаў і Галіна Лісіцына.
Затрыманне адбылося ў раёне чыгуначнага вакзала, пасля таго, як газеты, брашуры і сшыткі былі перакладзены з адной машыны ў другую.
“Не праехалі мы і 300 метраў ад месца перадачы друкаванай прадукцыі, як нас прыпынілі супрацоўнікі ДАІ. Яны запатрабавалі дакументы. Потым сказалі, што трэба праверыць машыну і для гэтага неабходна праехаць у Ленінскі РАЎС. Там да ДАІшнікаў далучыліся міліцыянты”, - кажа магілёўскі каардынатар кампаніі “За справядлівыя выбары” Юрый Новікаў.
“Міліцыянты запатрабавалі адкрыць багажнік. Зразумеўшы, што яны ўсё адно туды пранікнуць, я адкрыў. Там яны заўважылі газеты і брашуры. Ад гэтага яны ледзь не пачалі пляскаць у ладкі, верагодна, уяўляючы сабе, што кожны з іх атрымае за “прэсячэніе дзейнасці незалежных назіральнікаў” па новай зорачцы на пагонах”, - працягвае Юрый.
Міліцыянты пачалі пералічваць прадукцыю. У выніку яны налічылі 291 брашуры, 291 сшыткі незалежных назіральнікаў і 905 газет “За справядлівыя выбары”. Усё гэта яны канфіскавалі. У РАЎСе магілёўскія каардынатары кампаніі па незалежнаму назіранню прабылі роўна тры гадзіны.
Ім выпісалі позвы з’явіцца ў Ленінскі РАЎС у аўторак, 28 жніўня.
Юрый Новікаў адзначае, што дадзены інцыдэнт з’яўляецца ні чым іншым, як спробай сарваць незалежнае назіранне ў Магілёве.
“Мы не робім нічога супрацьзаконнага. Мы рыхтуемся да выбараў, гэтаксама як і члены акруговых і ўчастковых выбарчых камісій – праводзім семінары, інструктажы і г.д. Збіраемся назіраць за выбарамі. Тое, што нам спрабуюць перашкодзіць у назіранні сведчыць пра тое, што ўладзе ёсць што хаваць і пры арганізаваным намі назіранні могуць усплыць факты фальсіфікацый і парушэння выбарчага заканадаўства”, - гаворыць Юрый.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма