Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Жлобін: партыйныя кандыдаты – з найменьшымі прыбыткамі

Жлобінская раённая газета “Новы дзень” надрукавала інформацыю пра прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат, а таксама прапанавала кандыдатам апублікаваць агітацыйныя матэрыялы за кошт сродкаў выбарчых фондаў.

Як паведамлялася раней, па Жлобінскай выбарчай акрузе ў дэпутаты збіраюцца трапіць чатыры прэтэндэнты.

Сукупны гадавы даход старшыні райвыканкама Леаніда Апанасюка за 2011 год склаў больш за 80 мільёнаў беларускіх рублёў, на праве ўласнасці за кандыдатам зарэгістраваныя жылы дом у Рагачоўскім раёне, легкавы аўтамабіль «Фольксваген - тура», 2008 года выпуску, а таксама матацыкл ММВЗ-3112.

А вось пра сябра ЛДП Сяргея Камарова, пенсіянера, паведамляецца, што ягоны сукупны даход за 2011 год склаў крыху больш за 22,5 мільёнаў рублёў. За кандыдатам таксама зарэгістраваныя кватэра і жылы дом у Жлобіне і легкавы аўтамабіль «Фольксваген - Пасат" 1994 года выпуску.

Кандыдат ад партыі “Справядлівы свет” Валеры Рыбчанка не зарабіў за 2011 год нічога. За кандыдатам значыцца легкавы аўтамабіль «Нісан-Сані», 1992 года выпуску, легкавы аўтамабіль «Фольксваген-Транспарцёр Т-2», 1987 года выпуску, і трактар ​​Т-25.

Сукупны гадавы даход Ігара Чарняўскага, майстра па рамонце электраабсталявання аднаго з цэхаў БМЗ, склаў 63.403.730 беларускіх рублёў, на праве ўласнасці за кандыдатам зарэгістраваная кватэра ў горадзе Жлобіне.

“Новы дзень” таксама прапанаваў кандыдатам надрукаваць у газеце свае агітацыйныя матэрыялы. З умовамі размяшчэння такой інформацыі кандыдатам можна азнаёміцца на сайце выдання.

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма