У Аршанскім і Дубровенскім раёнах не апублікаваны спіс месцаў, выдзеленых для перадвыбарчай агітацыі
У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, мясцовыя выканкамы па ўзгадненні з акруговымі камісіямі вызначаюць спіс месцаў для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў, размяшчэння перадвыбарчых плакатаў, памяшканняў для сустрэч з выбаршчыкамі. Аршанскім райвыканкамам такія месцы вызначаны рашэннямі ад 10 жніўня гэтага года, а Дубровенскім райвыканкамам - 9 жніўня.
У адпаведнасці з ч.13 арт. 46 Выбарчага кодэкса такія рашэнні павінны быць апублікаваныя ў друку. Аднак ні Дубровенская раёнка "Дняпроўская праўда", ні "Аршанская газета" гэтых рашэнняў па стане на 24 жніўня так і не апублікавалі, нягледзячы на тое, што агітацыйная кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ужо стартавала.
З гэтай нагоды назіральнік ад БХК Васіль Бераснеў звярнуўся ў Віцебскі аблвыканкам. Ён патрабуе ад абласных уладаў прыняць меры для тэрміновага апублікавання дазволеных месцаў агітацыі, бо адсутнасць гэтай інфармацыі абмяжоўвае каманды кандыдатаў у сваёй дзейнасці.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма