Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Слуцк: Дзеючы дэпутат парламента жыве ў крэдыт, а раёнка пра гэта маўчыць

  • Дэпутат ПП НС па Слуцкай акрузе Інэса Кляшчук
    Дэпутат ПП НС па Слуцкай акрузе Інэса Кляшчук

Раённая газета "Слуцкі край" апублікавала навіну аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты парламента па Слуцкай выбарчай акрузе № 67, а таксама па Капыльскай выбарчай акрузе № 66.

На сайце "Слуцкага краю" 24 жніўня размешчана інфармацыя аб гадавых даходах і звесткі аб маёмасці ўсіх кандыдатаў, у тым ліку і дзейнага дэпутата парламента Інэсы Кляшчук, якая балатуецца ў другі раз. Праўда, звесткі пра крэдыт у памеры 109 з лішнім мільёнаў рублёў, які ў мінулым годзе Кляшчук брала ў "Беларусбанку", чытачам не паведамляюцца.

Між тым, вядома, што за час працы ў парламенце дэпутат Інэса Кляшчук абзавялася кватэрай у Мінску і павялічыла гадавы даход у сем разоў. У яе дэкларацыі за 2007-ы год гадавы даход складаў 11 008 037 рублёў, а маёмасці ва ўласнасці не мелася. На той момант Інэса Кляшчук працавала першым сакратаром райкама БРСМ.

Будучы дэпутатам, за 2011-ы год яе прыбытак склаў 77 145 000 рублёў, а ў звестках аб маёмасці з'явілася кватэра ў сталіцы.

Зрэшты, простаму дэпутату далёка да даходаў старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі. Як паведамляе "Веснік Глыбоччыны", яго гадавы даход склаў 124 737 044 рублёў.

Па Капыльскай выбарчай акрузе № 66 зарэгістраваны тры кандыдаты ў дэпутаты. На мандат прэтэндуюць Анатоль Бойка, старшыня Клецкага райвыканкама, Наталля Гарбацэвіч, начальнік аддзела па справах моладзі Капыльскага райвыканкама, і Міхаіл Куцера, дырэктар ПВУП «Конкрейт Технолоджис», сябра Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

Самым багатым з усіх прэтэндэнтаў стаў Анатоль Бойка. Агульная сума даходу за 2011 год склала 144 184 450  рублёў.

Ва ўласнасці ў старшыні выканкама маюцца: легкавы аўтамабіль, 24 акцыі ААТ «Клецкая крыначка», 350 акцый ААТ «Рапс», 2467 акцый ААТ «Белінвестбанк».

Наталля Гарбацэвіч валодае кватэрай у Капылі і легкавым аўтамабілем. Яе даход за 2011 год склаў 28 678 118 рублёў.

Гадавы даход сябра ЛДП і бізнэсоўца Міхаіла Куцеры - 4 980 000  рублёў. Ва ўласнасці мае: кватэру ў г. Нясвіжы, зямельны ўчастак 0,13 га, 2 легкавых аўтамабіля, 100% статутнага фонду ПВУП «Конкрейт Технолоджис».

Аб незарэгістраваных прэтэндэнтах у дэпутаты і прычынах, па якіх ім адмоўлена ў рэгістрацыі, «Слуцкі край» не піша.
 
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма