У Рэчыцы змянілася кіраўніцтва акруговай выбарчай камісіі
24 жніўня адбылося паседжанне Рэчыцкай акруговай выбарчай камісіі. Са складу камісіі выведзены яе старшыня – Віталь Атаманчук, першы намеснік старшыні Рэчыцкага райвыканкама. Гэта адбылося ў сувязі з тым, што старшыня райвыканкама Пётр Шостак (на фота) зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Такім чынам, П. Шостак у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам узяў адпачынак на перыяд выбарчай кампаніі, і В. Атаманчук у гэты перыяд будзе выконваць абавязкі старшыні райвыканкама.
Замест В. Атаманчука старшынёй акруговай выбарчай камісіі абраны таксама прадстаўнік улады – начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Рыгор Якушаў. Дагэтуль ён быў намеснікам старшыні камісіі. Цяпер жа намеснікам старшыні абрана Ларыса Баброўнік, упраўляючая Рэчыцкім аддзяленнем адкрытага акцыянернага таварыства “БПС-Банк” і дэпутат раённага Савета.
Аб гэтым паведаміў назіральнік у Рэчыцкай акруговай выбарчай камісіі Валерый Пуціцкі. На думку В. Пуціцкага, змяненне кіраўніцтва ніяк не паўплывае на працу камісіі.
Адзначым, што П. Шостак вылучаны кандыдатам у дэпутаты не ў сваім раёне, а ў суседняй Буда-Кашалёўскай выбарчай акрузе, якая ахоплівае Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Чачэрскі раёны і частку Жлобінскага. Ні ў адным з гэтых раёнаў ён не жыў і не працаваў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма