Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Брэст: Людміла Дзенісенка абскардзіла адмову ў рэгістрацыі

Людміла Дзенісенка, якая ўзначальвае мясцовую суполку “Справядлівага свету”, была вылучана кандыдатам у дэпутаты па Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе №1, аднак акруговая камісія адмовіла ёй у рэгістрацыі, спаслаўшыся на недаставерныя звесткі ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці. У прыватнасці, падставай з’явілася тое, што Дзенісенка ў сваіх дакументах не пазначыла, што ёй належыць “на праве ўласнасці капітальны будынак, размешчаны ў Брэсцкім раёне ў садаводчым таварыстве “Сувязіст”. Адпаведную інфармацыю ў выглядзе даведкі перадалі ў акруговы выбаркам з РУП “Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры”.

Па словах Людміла Дзенісенкі, існаванне такіх звестак было для яе зусім нечаканым, бо зямельны ўчастак разам з пазначаным будынкам кіраўніца партыйнай суполкі прадала яшчэ ў 2003 годзе. “У мяне ёсць дамова куплі-продажу, засведчаная дзяржаўным натарыусам, ды іншыя дакументы, з якіх вынікае, што ўжо дзевяць гадоў не з'яўляюся плацельшчыкам зямельнага падатку і падатку на нерухомасць, - распавяла Дзенісенка. - Наколькі я зразумела, пакупнік не аформіў ў рэгіструючых органах пераход права ўласнасці. Але ці ёсць у гэтым мая віна?”

Копіі ўсіх неабходных дакументаў лідэр брэсцкай арганізацыі “Справядлівага свету” прыклала да сваёй скаргі, якую накіравала ў Цэнтрвыбаркам. У гэтай скарзе Людміла Дзенісенка адзначае, што акруговая камісія фармальна падыйшла да разгляду пададзенай ёй дэкларацыі, і просіць ЦВК адмяніць рашэнне пра адмову ў рэгістрацыі.

Усяго па Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе №1 вылучалася сем чалавек, аднак акруговы выбаркам зарэгістраваў толькі чатыры кандыдаты.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма