Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Светлагорск: Ігар Песікаў абскарджвае адмову ў рэгістрацыі

  • Ігар Песікаў,  удзельнік “Гавары праўду!” (Светлагорск)
    Ігар Песікаў, удзельнік “Гавары праўду!” (Светлагорск)

Як паведамлялася раней, Светлагорская акруговая выбарчая камісія адмовіла Ігару Песікаву, удзельніку грамадскай кампаніі “Гавары праўду!”,  у рэгістрацыі ў якасці кандадата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Як сам Ігар Песікаў тлумачыць парушэнні, якія, на меркаванне камісіі, дапусціла яго ініцыятыўная група, і чаму ён не згоды з рашэннем камісіі?

Парушэннем камісія назвала тое, што ў звестках аб выбаршчыках, якія падпісаліся за вылучэнне І. Песікава ў кандыдаты, нібыта не поўнасцю ўказаны адрасныя дадзеныя. Аднак І. Песікаў з адмовай у рэгістрацыі не згодны і 24 жніўня накіраваў адпаведную скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію.

– Адносна адрасоў: камісія палічыла, што ў адрасах выбаршчыкаў, якія жывуць у гарадскім пасёлку Парычы, не хапае слоў “Светлагорскі раён”. Таму ўсе подпісы з Парычаў камісія назвала несапраўднымі. Я з такім рашэннем не згодны. Мы ж не збіралі подпісы ў гарадскім пасёлку Ратамка. Відавочна, што Парычы – гэта Светлагорскі раён, ніякіх іншых Парычаў няма.

З другім парушэннем – шэраг датаў у яго падпісных лістах пастаўлены не падпісантамі, а ўдзельнікамі ініцыятыўнай групы – І. Песікаў згодны.

– Аднак камісія спецыяльна адабрала для праверкі тыя падпісныя лісты, дзе была такая тэхнічная памылка: даты прастаўлялі ўдзельнікі ініцыятыўнай групы. Іншыя лісты, у якіх такой памылкі не было, не правяраліся. У выніку атрымалася, што з усіх правераных подпісаў колькасць несапраўдных перавысіла дапушчальную норму.

І. Песікаў раней працаваў старшым трэнерам па веславанні ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Як і многія іншыя адукацыйныя і спартыўныя аб’екты ў Светлагорскім раёне, аддзяленне веславання было зачынена – рашэннем райвыканкама ў 2010 годзе. Пэўны час І. Песікаў быў беспрацоўным, зараз з’яўляецца начальнікам аддзела кадраў прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Аліда і К”.          

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма