Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Справаздача па назіранні за рэгістрацыяй кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пятага склікання

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты з’яўляецца важным этапам выбарчай кампаніі, паколькі па яе выніках фарміруецца спіс тых асоб, якія прымуць удзел у выбарах. Асабліва актуальная задача назіральнікаў на гэтым этапе – ацэнка ўмоваў, пры якіх адбывалася рэгістрацыя кандыдатаў, вызначэнне таго, наколькі рэгістрацыя была транспарэтнай і адпавядала прынцыпам правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў.

 

 

І. Высновы

Змены ВК, унесеныя ў 2010 г., спрасцілі працэдуры рэгістрацыі кандадатаў у дэпутаты. На спрашчэнне працэдур рэгістрацыі кандыдатаў была накіравана і Пастанова ЦВК ад 5 ліпеня 2012 г. № 35, якая вызначыла, што пад “істотным характарам не адпавядаючых рэчаіснасці звестак у дэкларацыі аб даходах і маёмасці кандадыдата ў дэпутаты” разумеецца дэклараванне меншай сумы гадавога даходу (калі неадпаведнасць складае больш за 20% агульнай сумы гадавога даходу).

Працэдуры праверкі дакладнасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах праводзіліся ў закрытым для назіральнікаў рэжыме, негалосна, на пасяджэннях АВК звычайна толькі агучваліся вынікі. Гэтыя абставіны не даюць магчымасці сцвярджаць, наколькі працэдуры праверкі подпісаў выбаршчыкаў аб вылучэнні кандытатаў у дэпутаты адпавядалі патрабаванням выбарчага заканадаўства, ці з’яўліся яны аб’ектыўнымі і ці не залежалі ад палітычна матываванага падыходу з боку АВК.

Адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты 122 прэтэндэнтам (24,6 % ад агульнай колькасці вылучаных). Падчас правядзення парламенцкіх выбараў у 2008 г. колькасць адмоваў у рэгістрацыі кандыдатамі была прыблізна такой жа – 24%.

Адмоўлена 19,5 % прэтэндэнтам, вылучаным апазіцыйнымі партыямі БНФ, АГП, БСДП (Г) і Беларускай партыяй левых “Справядлівы свет”.

Абсалютна праходнымі з’явіліся тыя, хто вылучаўся адразу ад двух суб’екатў (ад грамадзянаў шляхам збору подпісаў і ад працоўных калектываў) – яны 100 % зарэгістраваныя. Як правіла, менавіта гэтым шляхам ідуць тыя кандыдаты, якіх падтрымлівае ўлада. Нязначная колькасць адмоваў у рэгістрацыі дадзена вылучэнцам ад працоўных калектываў – зарэгістравана 85% ад вылучаных такім шляхам.

Больш за ўсё адмоўлена тым прэтэндэнтам, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў – 56 %.  Асноўнымі прычынамі, указанамі ў рашэннях АВК аб адмове ў рэгістрацыі, былі: недакладнасць подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах у памеры большым за 15 % ад правераных подпісаў і памылкі ў дэкларацыі аб даходах.

 

ІІ. Прававая база

Згодна з Каляндарным планам рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты ажыццяўляецца АВК не раней за 40 дзён і завяршаецца не пазней за 30 дзён да пачатку выбараў – з 14 па 23 жніўня 2012 г. адпаведна.

Устаноўлены арт. 66 ВК пералік дакументаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатаў, уключае сярод іншага і дэкларацыю аб даходах і маёмасці асобы, вылучанай кандыдатам у дэпутаты. Пры ўказанні ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці звестак, неадпаведнасць якіх мае істотны характар, АВК можа адмовіць у рэгістрацыі кандадата.

Згодна з п. 8.1. Пастановы Цэнтральнай камісіі ад 5 ліпеня 2012 г. № 35 пад істотным характарам не адпавядаючых рэчаіснасці звестак разумеецца дэклараванне меншага памеру агульнай сумы гадавога дахода, калі неадпаведнасць складае больш за 20% агульнай сумы гадавога дахода. Таксама істотны характар неадпаведнасці ў дэкларацыі стварае адсутнасць звестак аб нерухомасці, якая належыць асобе на праве ўласнасці, аб асабістым аўтатранспарце, каштоўных паперах (акцыях) і інш. Не маючай істотнага характару прызнаецца адсутнасць звестак аб даходах у выглядзе кошту прафсаюзных пуцёвак, аб матэрыяльнай дапамозе, кампенсацыях ды інш.

Падчас выбараў Прэзідэнта ў 2010 г. пад значным характарам, згодна з адпаведным тлумачэннем ЦВК, разумелася перавышэнне недакладнасцяў у дэкларацыі на 10% ад агульнай сумы гадавога дахода.

Згодна з арт. 68 ВК АВК правярае адпаведнасць парадку вылучэння кандыдата ў дэпутаты і прымае рашэнне аб яго рэгістрацыі ці адмове ў рэгістрацыі. Рашэнне можа быць абскарджана асобай, якая была вылучана кандыдатам у дэпутаты, у Цэнтральную камісію і Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь.

 

ІІІ. Назіранне за працэдурай праверкі подпісаў выбаршчыкаў на пасяджэннях АВК

Недакладнасць подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах (больш за 15%  ад агульнай колькасці правераных подпісаў) з’яўляецца адной з падставаў для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата. Гэта робіць назіранне за адпаведнасцю працэдуры іх праверкі патрабаванням ВК актуальнай і важнай часткай грамадскага кантролю за выбарчым працэсам.

Працэдура праверкі подпісаў АВК апісана ў арт. 67 ВК. Асноўным з’яўляецца тое, што праверцы падвяргаецца не менш за 20% подпісаў у падпісных лістах ад колькасці, неабходнай для рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты. Такім чынам, правяраецца не менш за 200 подпісаў. Калі недакладных подпісаў выбаршчыкаў выяўлена больш за 15% ад правераных, то праводзіцца дадактовая праверка яшчэ 15% подпісаў выбаршчыкаў ад колькасці, неабходнай для рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты (150 подпісаў).

У выпадку, калі сумарная колькасць недакладных подпісаў, выяўленых пры праверцы, складзе больш за 15% ад агульнай колькасці, далейшая праверка спыняецца. Прызнанне дакладнымі подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах адбываецца ў парадку, прадугледжаным  ч. 14, 16 і 17 арт. 61 ВК[1].

Пастанова Цэнтральнай камісіі ад 19 чэрвеня 2012 г. № 23 дазваляе ўносіць звесткі пра выбаршчыка ў падпісны ліст не толькі члену ініцыятыўнай групы і самому выбаршчыку, але і іншым асобам. Гэта з’яўляецца фактычнай легалізацыяй адміністратыўнага рэсурсу. Важна адзначыць, што дадзеная Пастанова не адпавядае ч. 16 арт. 61 ВК, якая ўстанавіла, што ўсе подпісы ў падпісным лісце лічацца несапраўднымі, калі яны сабраныя асобай, якая не з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы.

Большасць назіральнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, зарэгістраваных у АВК, не атрымалі магчымасці прысутнічаць і ажыццяўляць назіранне пры правядзенні праверкі дакладнасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах. Камісіі матывавалі свае адмовы тым, што ў пераліку правоў назіральніка ў арт. 13 ВК няма прамога ўказання на права назіраць за праверкай подпісаў у падпісных лістах. АВК  ажыццяўлялі праверку дакладнасці подпісаў выбрашчыкаў па-за межамі пасяджэнняў АВК, звычайна на пасяджэннях толькі агучваліся вынікі такіх праверак.

Так, напрыклад, у адказах на заявы назіральнікаў Рамана Юргеля і Святланы Рудкоўскай (г. Гродна), Васіля Ліпскага (г. Магілёў), Леаніда Мархоткі (г. Салігорск) з просьбай прысутнічаць пры праверцы дакладнасці подпісаў, было ўказана, што закон такога права назіральнікам не прадстаўляе. Старшыня АВК Грушаўскай выбарчай акругі № 98 г. Мінска ўвогуле адказала, што прысутнасць назіральніка пры праверцы подпісаў забаронена выбарчым заканадаўствам як умяшальніцтва ў дзеянні АВК.

Разам з тым у асобных АВК кіраўніцтва стварыла неабходныя ўмовы для назірання і кантролю на этапе рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Так, допуск да ўсіх пратаколаў і падпісных лістоў меў назіральнік Днепра-Бугскай выбарчай акругі № 10. Меў магчымасць прысутнічаць на праверцы подпісаў назіральнік Вілейскай выбарчай акругі № 74.

Непразрыстасць працэдур праверкі дакументаў аб вылучэнні кандыдатаў не дае магчымасці сцвярджаць, наколькі працэдуры праверкі подпісаў выбаршчыкаў аб вылучэнні кандытатаў у дэпутаты адпавядалі патрабаванням выбарчага заканадаўства, ці з’яўліся яны аб’ектыўнымі і ці не залежалі ад палітычна матываванага падыходу з боку АВК.

 

ІV. Вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты

Згодна з дадзенымі Цэнтральнай камісіі ўсяго па краіне рознымі шляхамі былі вылучаны 494 асобы, з іх 122-м было адмоўлена ў рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты, што складае 24,6% ад агульнай колькасці вылучаных. Яшчэ 9 зарэгістраваных АВК кандыдатаў адмовіліся ад далейшага ўдзелу ў выбарах. У чатырох акругах выбары будуць безальтэрнатыўнымі (дзве акргугі ў Мінскай, адна – у Брэсцкай і адна – у Гродзенскай вобласці).

Прадстаўнікі палітычных партый вылучылі 204 кандыдаты, што складае 41% ад агульнай колькасці вылучаных. Вынікі рэгістрацыі партыйных кандыдатаў наступныя:

 

Назва палітычнай партыі

 

Колькасць вылучаных

Колькасць зарэгістраваных

Колькім адмоўлена ў рэгістрацыі (%)

 

Партыя БНФ

33

30

3 (9%)

 

Аб’яднаная грамадзянская партыя

48

35

13 (27%)

 

Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”

 

32

 

26

 

5 (15%)

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)

 

15

 

11

 

4 (26%)

Камуністычная партыя Беларусі

23

21

2 (8,6%)

Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя

1

1

 

Ліберальна-дэмакратычная партыя

93

70

23 (24%)

Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці

 

 

19

 

9

 

10 (52,6%)


Большасць асобаў, якія атрымалі адмовы, вылучаліся шляхам збору подпісаў (56%). Асноўныя падставы, указаныя АВК – недакладнасць подпісаў (больш за 15% ад правераных) і памылкі ў дэкларацыях аб даходах. Грамадская кампанія “Гавары праўду!” вылучала шляхам збору подпісаў 25 сваіх актывістаў, з якіх толькі 13 (48% ад вылучаных) былі зарэгістраваныя. У Мінску гэта кампанія будзе прадстаўлена толькі адным кандыдатам. Не былі зарэгістраваныя і іншыя вядомыя палітыкі, такія як лідэр “Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, моладзевы актывіст Артур Фінкевіч, сябра АГП, былы міністр абароны, генерал Павел Казлоўскі і інш.

Адмоўлена ў рэгістрацыі 23% вылучэнцаў ад палітычных партый. З іх 19,5% – гэта адмовы  вылучэнцам ад апазіцыйных партый. Найменшая колькасць адмоваў традыцыйна ў тых асобаў, якія ішлі ад працоўных калектываў: з 19 вылучаных не працягнуць удзел у выбарчай кампаніі толькі 3 чалавекі (15%). Вылучаных ад двух суб’ектаў (ад грамадзянаў шляхам збору подпісаў і ад працоўных калектываў) зарэгістравалі 100% (89 з 89).  Варта адзначыць, што, як правіла, такім шляхам вылучэння карыстаюцца кандыдаты, якіх падтрымлівае ўлада.

У якасці кандыдатаў зарэгістраваны 21 дзеючы дэпутат Палаты прадстаўнікоў. У бягучай выбарчай кампаніі ўсяго вылучана 60 асоб, якія ў розныя гады з’яўляліся дэпатутамі Палаты прадстаўнікоў. Усе гэтыя прэтэндэнты прайшлі рэгістрацыю.

Назіральнікі зафіксавалі выпадкі ціску і запалохвання ўдзельнікаў выбарчай кампаніі з боку КДБ. 23 жніўня 2012 г. у г. Рагачове пасля няўдалай спробы рэгістрацыі ў якасці кандыдата Дзяніс Дашкевіч і яго жонка былі выкліканы ў мясцовае аддзяленне КДБ. Запрашэнні на размову ў КДБ паступалі таксама да некаторых членаў ініцыятыўнай групы Дашкевіча.  Кандыдат ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Іосіф Мацэюн падчас рэгістрацыі ў АВК Вілейскай выбарчай акругі № 74 заявіў пра зняццё сваёй кандыдатуры з-за ціску з боку КДБ. Сёння гэта акруга з’яўляецца адной з чатырох безальтэрнатыўных, па ёй кандыдатам ідзе начальнік Галоўнага упраўлення эксанамічнай бяспекі КДБ Віктар Русак.

 

V. Абскарджанне

Рашэнне АВК аб адмове ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў можа быць абскарджана асобай, якая вылучана кандыдатам у дэпутаты, у Цэнтральную камісію ў трохдзённы тэрмiн з дня прыняцця рашэння. Рашэнне Цэнтральнай камiсii ў той жа тэрмiн можа быць абскарджана асобай, якая вылучана кандыдатам у дэпутаты, у Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь. Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь разглядае скаргу ў трохдзённы тэрмін, яго рашэнне з'яўляецца канчатковым.

Асаблівасці разгляду скаргаў на дзеянні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі ці выбарчай камісіі замацаваны Грамадзянскім працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь (ГПК). У адпаведнасці з арт. 150 ГПК працэсуальны тэрмін пачынаецца на наступны дзень пасля каляндарнай даты цi наступлення падзеі, якімі вызначаны іх пачатак. Аднак Цэнтральная камісія кіруецца практыкай вылічэння пачатку тэрміну для абскарджання рашэнняў з дня прыняцця рашэння камісіяй, што спараджае выпадкі пропуску тэрміну для звароту са скаргай суб'ектаў выбарчага працэсу.

Адмаўляючы ў рэгістрацыі, камісіі, як правіла, указваюць на неадпаведнасць подпісаў выбаршчыкаў патрабаванням арт. 61 ВК і недакладнасць звестак у дэкларацыі (арт. 68 ВК).

На 24 жніўня аб намерах абскардзіць рашэнні АВК заявілі 4 прэтэндэнты ад Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», 2 – ад Партыі БНФ, 4 – ад БСДП (Г), 6-ад АГП. Пададзены скаргі  і актывістамі грамадскіх аб'яднанняў і кампаній,  якія вылучаліся шляхам збору подпісаў. Паводле старшыні ЦВК, у Цэнтральную камісію паступіла больш за 20 скаргаў на адмову ў рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.

 


[1] Несапраўднымі подпісамі лічацца: фіктыўныя подпісы (выкананыя ад імя неіснуючых асобаў і якія выдаюцца за сапраўдныя); подпісы выбаршчыкаў, выкананыя ад імя розных асобаў адной асобай ці ад імя адной асобы іншай асобай; подпісы асобаў, якія не валодаюць выбарчым правам; подпісы выбаршчыкаў, якія ўказалі ў падпісным лісце дадзеныя, неадпавядаючыя рэчаіснасці; подпісы выбаршчыкаў, сабраныя да ўстаноўленага тэрміну вылучэння кандыдатаў; подпісы выбаршчыкаў, калі ў звестках пра іх адсутнічаюць адно ці некалькі дадзеных, патрабаваных Кодэксам; подпісы выбаршчыкаў, калі дадзеныя аб іх унесеныя ў падпісны ліст нерукапісным спосабам ці алоўкам, а таксама подпісы, дата ўнясення якіх прастаўленая выбаршчыкам неўласнаручна; усе подпісы выбаршчыкаў у падпісным лісце, калі подпісы сабраныя асобай, якая не з’яўляецца членам ініцыятыўнай групы, ці калі падпісны ліст не завераны членам ініцыятыўнай групы альбо завераны іншым членам ініцыятыўнай групы, не збіраўшым гэтыя подпісы; подпісы выбаршчыкаў, сабраныя з парушэннем патрабаванняў ч.8 арт. 61 ВК.

 

_____________________________________________________________________

Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” – гэта сумесная ініцыятыва Праваабарончага цэнтра «Вясна» і Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт», у рамках якой ажыццяўляецца назіранне за ўсімі аспектамі выбарчага працэсу па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Кампанія з’яўляецца незалежнай і палітычна незаангажаванай. 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма