Маладэчна: Хто ўсё ж хлусіць?
Назіральнік Алесь Капуцкі атрымаў адказ на скаргу, якая датычылася размяшчэння на стэндзе СШ №9 г. Маладэчна ўлётак кандыдата Кулеша за тры дні да яго рэгістрацыі ў гэтай якасці. Аказалася, што факт размяшчэння ўлёткі, зафіксаваны назіральнікам на фота, не пацвердзіўся: сябры камісіі, выехаўшы на месца, улёткі не ўбачылі, да таго ж гэта ў тлумачальнай запісцы адмаўляе дырэктарка школы Каліна Капуцкая.
З усёй гэтай гісторыі вынікае, што калі прызнаць шчырасць дырэктаркі школы, якая не бачыла на ўваходзе ў школу каляровай улёткі, і паверыць у добрасумленнасць сябраў камісіі Падзеевай і Абрамовіч, якія выехалі на “месца злачынства”, не папярэдзіўшы тую самую дырэктарку, - то хлусіць назіральнік. Значыць, Алесь Капуцкі зрабіў фотамантаж, употай сфатаграфаваўшы Кулеша?
Тым не менш, нейкая ўлётка ўсё ж існавала, што відаць з атрыманага адказу – гэта інфармацыйныя матэрыялы з біяграфічнымі дадзенымі, вырабленыя за асабістыя сродкі кандыдата. Але згодна з заканадаўствам падобныя матэрыялы можна толькі прад’яўляць падпісантам пры зборы подпісаў, а вывешванне для ўсеагульнага агляду – гэта датэрміновая агітацыя і грубае парушэнне заканадаўства, як і акрэсліваў у сваёй скарзе Алесь Капуцкі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма