Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

“Вы шукалі “выбары”, але нічога не знойдзена”

Толькі гэты адказ пошукавай сістэмы з’яўляецца на сайтах мясцовых недзяржаўных СМІ. Калі дзяржаўныя газеты друкуюць абавязковыя паведамленні выбарчых камісій, дык астатнія выданні, відаць, лічаць за лепшае трымацца далей ад гэтай тэмы.

У Светлагорскім раёне, акрамя “Светлагорскіх навінаў”, заснавальнікамі якіх з’яўляюцца раённыя ўлады, выдаюцца і дзве прыватныя газеты: “Ранак-плюс” і “Светлагорскі бізнес”. Прадпрыемства “Ранак” вядзе таксама мясцовае радыё- і тэлевяшчанне.

За больш чым два месяцы, прайшоўшыя пасля абвяшчэння выбараў у парламент, ніводная падзея на гэтую тэму так і не прыцягнула ўвагу тутэйшых недзяржаўных СМІ. Адпаведна, няма нічога пра выбары і на іх сайтах. “Светлагорскі бізнес” хоць і пісаў пра падрыхтоўку да выбараў, але яшчэ да таго, як яны былі прызначаны.

“Ранак-плюс” паводле свайго статусу – “грамадска-палітычнае выданне”. У нефармальных размовах супрацоўнікі рэдакцыі патлумачылі, што ход падрыхтоўкі да выбараў павінны асвятляць “Светлагорскія навіны”, а “Ранак-плюс” – газета недзяржаўная, і, паводле заканадаўства, абавязковыя публікацыі на гэтую тэму ад яе не патрабуюцца.

Стварыць бачнасць значнасці выбараў імкнецца мясцовая ідэалагічная “вертыкаль”. Напрыклад, арганізацыі і прадпрыемствы абавязалі саматужна вырабіць і вывесіць на відных месцах вялізныя шыльды “23 верасня – выбары ў Нацыянальны сход”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма