Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Калінкавіцкі раён: у большасці вёсак пікеты не дазволены

Са 130 населеных пунктаў Калінкавіцкага раёна толькі ў 20 дазволена праводзіць агітацыйныя мерапрыемствы па-за памяшканнямі. Кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і іх давераныя асобы не могуць арганізаваць перадвыбарчыя сходы, мітынгі ці пікеты ў астатніх вёсках, у тым ліку ў трох цэнтрах сельсаветаў.

Калінкавіцкі райвыканкам сваім рашэннем вызначыў, што агітацыйныя мерапрыемствы па-за памяшканнямі можна ладзіць у Калінкавічах на трох пляцоўках. Адна пляцоўка для гэтых мэтаў вызначана ў гарадскім пасёлку Азарычы. Кандыдаты ў дэпутаты могуць таксама прыехаць у 18 вёсак.

З вясковых населеных пунктаў, дзе агітацыйныя мерапрыемствы на вуліцы дазволены, 16 – гэта цэнтры сельскіх Саветаў. Увогуле, усе пляцоўкі ў вёсках, якія вызначаны для гэтых мэтаў, “прывязаны” да сельскіх дамоў культуры ці падобных устаноў.

У пералік вёсак, дзе дазваляецца весці перадвыбарчую агітацыю па-за памяшканнем, не патрапілі тры цэнтры сельсаветаў: вёскі Бярозаўка, Гарочычы і Якімавічы.

Як правіла, перадвыбарчую агітацыю па-за памяшканнем ладзяць прадстаўнікі дэмакратычных сіл. Кандыдаты ад улады аддаюць перавагу адміністрацыйнаму рэсурсу – правядзенню сустрэч з выбаршчыкамі ў працоўных калектывах. І менавіта ў вёсках, дзе амаль адсутнічаюць недзяржаўныя крыніцы інфармацыі, апазіцыйным кандыдатам  складаней за ўсё данесці сваю агітацыю да выбаршчыкаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма