Салігорск: гучаць толькі заклікі да байкота
Першыя пяць дзён агітацыйнай кампаніі ў Салігорску прайшлі незаўважна - ніводзін з шасці зарэгістраваных прэтэндэнтаў не выявіў актыўнасці. Тым часам на гарадскіх вуліцах усё часцей з’яўляюцца заклікі да байкота выбараў.
Пакуль невядома, калі кандыдаты ў дэпутаты пачнуць праводзіць агітацыйныя пікеты і сустрэчы з выбаршчыкамі. На сённяшні дзень нават інфармацыя аб плануемых мерапрыемствах адсутнічае. Верагодна, першыя дні агітацыйнай кампаніі пойдуць на выраб друкаванай прадукцыі і вырашэнне тэхнічных пытанняў. Кандыдаты ўжо запісалі пяціхвілінныя відэавыступы, якія транслююцца ў тэлеэфіры 27-28 жніўня, а радыёзвароты кандыдатаў прагучаць у эфіры 3-5 верасня.
Тым часам актывісты “Еўрапейскай Беларусі” працягваюць кампанію байкота выбараў - улёткі з заклікамі не прыходзіць на галасаванне рэгулярна з’яўляюцца на вуліцах Салігорска.
Рабіць прагнозы цяжка, але вонкава выглядае на тое, што ігнараванне выбарчай кампаніі з боку СМІ і кандыдатаў ды рэгулярнае з’яўленне заклікаў не хадзіць на выбары могуць істотна знізіць яўку ў верасні.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма