На “Беларусь-2” узгадалі пра байкот – толькі ў негатыўным кантэксце
У эфіры дзяржаўнага тэлеканала 27 жніўня ўпершыню выступілі кандыдаты ў дэпутаты па горадзе Мінску. Слова прадаставілі прэтэндэнтам Аўтазаводскай і Васняцоўскай выбарчых акругаў.
Падчас прамовы кандыдат Валер Фралоў узгадаў сваю біяграфію і папярэдні досвед працы ў беларускім парламенце. Напрыканцы выступлення ён заклікаў выбаршчыкаў не паддавацца на заклікі байкоту. Кандыдат лічыць гэтую ініцыятыву бесперспектыўнай, як і заклікі да рэвалюцыі. Таму папрасіў выбаршчыкаў прыходзіць на выбары. Нагадаем, што рэгіянальныя прадстаўнікі АГП наракалі, што падчас запісу прамовы ім забаранялі прамаўляць слова “байкот”. Меркавалася, што на гэта слова, як і на ўзгадванне Лукашэнкі, існуе цэнзура. Аднак як выявілася, прамаўляць пра байкот усё ж можа. Прынамсі ў негатыўным ключы, як тое пацвярджае выступ генерала Фралова.
Прадстаўнік МАЗ Сяргей Дудкін у сваёй прамове падтрымаў дзеючы курс дзяржаўнага кіравання. Пры гэтым прапанаваў аптымізаваць падатковае заканадаўства і павысіць пенсіі па ўзросце і інваліднасці да 80% ад сярэдняга заробку па краіне.
Кандыдат Аляксей Янукевіч сканцэнтраваў свой выступ на тэзісах у абарону нацыянальных інтарэсаў Беларусі, падкрэсліваючы экспансію з боку Расіі ва ўзаемаадносінах краінаў. Старшыня ПБНФ таксама падкрэсліў, што большасць прадстаўнікоў партыі не дапусцілі да працы ва ўчастковых выбарчых камісіях, а таму падлік галасоў выклікае сумневы. Пры гэтым заклікаў да байкоту з вуснаў палітыка не прагучала.
Агулам кандыдаты занялі 15 хвілін эфірнага часу тэлеканала “Беларусь-2”.
Пасля перапынку выступы кандыдатаў працягнуліся. З тэзісамі сваіх праграмаў пазнаёмілі прадстаўнік КПБ Уладзімір Грынкевіч, дэкан факультэта паркетынгу БДЭУ Валер Барадзеня – яны падтрымліваюць дзеючы курс кіравання, а сябра партыі ЛДП Аляксей Дзямашка адзначыў, што краіна каціцца ў прорву, таму заклікаў да пераменаў. Выступленне трох кандыдатаў таксама заняло 15 хвілінаў.
Адзначым, што трансляцыя выступленняў не дублюецца ў Інтэрнэце на старонцы Белтэлерадыёкампаніі. Таксама ў анонсах і ў перапынках выбаршчыкам не абвяшчаюць, якія менавіта кандыдаты будуць выступаць.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма