Бабруйск: aктывісткі "Гавары праўду" высвятляюць сітуацыю з "несапраўднымі подпісамі"
Сябры ініцыятыўнай групы магіляўчанкі Аксаны Самуйлавай вырашылі самастойна праверыць сітуацыю з "несапраўднымі подпісамі". Нагадаем, менавіта іх "наяўнасць" стала прычынай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам прадстаўніцы кампаніі "Гавары праўду".
- Мы напісалі скаргу ў ЦВК і даведаліся, што несапраўднасць подпісаў заключалася ў тым, што даты на некаторых падпісных лістах, нібыта, былі напісаныя рукамі зборшчыкаў. Мяне гэта абурыла, бо я да "чысціні" подпісаў стаўлюся нават занадта прыдзірліва, - кажа Алена Мядзведзева, сябра ініцыятыўнай групы Аксаны Самуйлавай.
Бабруйскія актывісткі вырашылі яшчэ раз наведаць падпісантаў з нібыта "несапраўднымі" подпісамі, каб удакладніць, ці сваёй рукой яны ставілі даты. Вынік аказаўся нечаканым.
-І мне, і Валянціне Глухавай, нашай актывістцы, падчас абыходу кватэр некаторыя выбаршчыкі казалі, што да іх ужо прыходзілі нейкія людзі і запытвалі, ці самі яны падпісваліся і ставілі даты. І гэтыя людзі пацвердзілі ім, што па сваім жаданні і сваімі рукамі гэта рабілі. Натуральна, яны не адмовіліся і нам падпісаць заявы, у якіх пісьмова яшчэ раз пацвердзілі, што гэта іх подпісы. Гэтая сітуацыя выклікала ў нашых выбаршчыкаў здзіўленне, - адзначыла Алена Мядзведзева.
Актывістка "Гавары праўду" кажа, што на вечар 27 жніўня было атрымана каля 15 такіх заяў. Але яны збіраюцца абыйсці ўсіх уладальнікаў "несапраўдных подпісаў", каб прад'явіць цалкам абгрунтаваныя прэтэнзіі да Першамайскай акруговай выбарчай камісіі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма