Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Намеснік старшыні КДК баіцца адкрытай дыскусіі з апанентамі?

  • Намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандр Агееў
    Намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандр Агееў

Намеснік старшыні Камітэта дзяржкантроля Беларусі, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 Аляксандр Агееў адмовіўся ад удзелу ў тэлевізійных дэбатах са сваімі апанентамі. Пра гэта паведамілі іншыя кандыдаты ў дэпутаты па акрузе – прадстаўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў і сябра Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Зінаіда Мялешчанка.

“Учора мы атрымлівалі ў акруговай камісіі Шклоўскай выбарчай акругі № 90 пасведчанні для сваіх давераных асобаў, - распавядае Рыгор Кастусёў. – Таксама з кандыдатамі ўзгаднялі пытанне ўдзелу ў тэлевізійных дэбатах, якія адбудуцца 3 верасня. Мы з Зінаідай Мялешчанка адназначна выказаліся за ўдзел у дэбатах, ну а Аляксандр Агееў вырашыў адмовіцца. Чаму ён гэта зрабіў, для мяне не зразумела, паспрабаваў бы распавесці нам і выбаршчыкам сваё бачанне дзейнасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў у нашай краіне”.

Зінаіда Мялешчанка выказала меркаванне, што праўладнаму кандыдату проста няма чаго сказаць людзям:

“Па-мойму, Аляксандр Агееў проста пабаяўся ўступаць з намі ў адкрытую дыскусію, бо яму проста няма чаго сказаць людзям. Нават у правінцыі людзі ўжо разумеюць, што наша краіна развіваецца ў нейкім дзіўным накірунку і размовы аб стабільнасці і сацыяльнай справядлівасці набываваюць гумарыстычнае адценне”.

Дарэчы, Рыгор Кастусёў і Зінаіда Мялешчанка сталі даверанымі асобамі адзін у аднаго, каб такім чынам паказаць, што яны змагаюцца за агульную справу і супрацоўнічаюць у данясенні да выбаршчыкаў дэмакратычных ідэй.

Аляксандр Агееў, карыстаючыся высокай пасадай намесніка старшыні КДК, праводзіць прамыя тэлефонныя лініі з жыхарамі сваёй выбарчай акругі, заклікаючы патэнцыйных выбаршчыкаў выказваць прапановы па ўсіх хвалюючых пытаннях і абяцаючы дапамогу ў іх вырашэнні. У прыватнасці, такая “прамая тэлефонная лінія” 23 жніўня адбылася з жыхарамі Круглянскага раёна.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма