Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Слуцк: Назіральнік звярнуўся са скаргай у ЦВК

  • Віталь Амяльковіч
    Віталь Амяльковіч

Назіральнік БХК Віталь Амяльковіч лічыць, што ў яго ёсць падставы сумнявацца ў дакладнасці і аб'ектыўнасці ў выніках праверкі подпісаў прэтэндэнтаў у кандыдаты па Слуцкай акрузе.

Назіральнік звярнуўся ў ЦВК са скаргай і просіць даць ацэнку адпаведнасці дзеянняў АВК па Слуцкай выбарчай акрузе № 67 па праверцы дакладнасці подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне прэтэндэнтаў у кандыдаты патрабаванням выбарчага заканадаўства.

Падставай для звароту ў Цэнтрвыбаркам стала тое, што акруговая камісія не запрасіла назіральніка на паседжанне, на якім для дадатковай праверкі адбіраліся подпісы прэтэндэнтаў у кандыдаты.

Нагадаем, 22 жніўня на паседжанні акруговая выбарчая камісія Слуцкай акругі № 67 адмовіла ў рэгістрацыі кандыдатам Аляксандру Солапу, так як у ходзе асноўнай і дадатковай праверкі сумарная колькасць недакладных подпісаў выбаршчыкаў перавысіла 15%.

«Узнікае лагічнае пытанне: чаму акруговая камісія не запрасіла мяне як назіральніка на дадатковы адбор подпісаў для праверкі і трымала ўсё гэта ў сакрэце? - піша ў скарзе ў ЦВК Віталь Амяльковіч. - Калі акруговая выбарчая камісія Слуцкай выбарчай акругі № 67 палічыла дапушчальнай маю прысутнасць на паседжанні, на якім праходзіў першасны адбор подпісаў на праверку, то чаму тая ж акруговая камісія палічыла працэдуру другаснага дадатковага адбору подпісаў на праверку нейкай таямніцай?».

З пункту гледжання Віталя Амяльковіча, працэдура праверкі подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты была праведзена АВК Слуцкай выбарчай акругі № 67 негалосна. Акрамя гэтага, назіральніку БХК паступіла інфармацыя пра ціск на выбаршчыкаў асобнымі сябрамі акруговай камісіі.

Пры такіх абставінах у Віталя Амяльковіча паўсталі сур'ёзныя сумневы ў дакладнасці і аб'ектыўнасці як у працэдуры адбору подпісаў прэтэндэнтаў у кандыдаты на праверку, так і ў выніках праведзенай праверкі ў цэлым.

Раней назіральнік БХК звяртаўся ў акруговую камісію Слуцкай выбарчай акругі № 67 з пісьмовай заявай, у якой прасіў дазволіць яму назіраць за працэдурай праверкі подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты. Ні пісьмовай адмовы, ні пісьмовай згоды на сваю заяву ён не атрымаў.

14 жніўня Віталь Амяльковіч быў запрошаны на паседжанне АВК, на якім на праверку было адабрана па 210 подпісаў за кожнага прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты. На працягу наступных дзён назіральнік некалькі разоў звяртаўся ў камісію з просьбай паведаміць яму дату і час наступнага паседжання. Але ніякіх канкрэтных дат яму не называлі, тройчы пераносячы запланаванае паседжанне. Такім чынам, подпісы прэтэндэнтаў у кандыдаты на дадатковую праверку былі адабраны за зачыненымі дзвярыма, без прысутнасці назіральнікаў.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма