Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Бабруйск: замест выступа Мацвея Хатары - ролік з гарадскімі краявідамі

Вечарам 27 жніўня пачаліся тэлетрансляцыі бабруйскіх кандыдатаў на канале "Беларусь-2". На гэты дзень быў запланаваны эфірны час для шасці прэтэндэнтаў, якія ідуць па Ленінскай і Першамайскай акругах. Выбаршчыкі Сельскай акругі змогуць убачыць выступы кандыдатаў сёння, 28 жніўня, з 19.00 да 19.10.

У выніку па тэлебачанні былі прадэманстраваныя выступы толькі чатырох кандыдатаў. Спачатку - Мікалая Плаксіцкага і Уладзіміра Яўсеенкава ад Ленінскай акругі, а вось замест выступа Мацвея Хатары быў прадэманстраваны ролік з бабруйскімі краявідамі. Нагадаем, малады спікер ад АГП заклікаў у сваім выступе да байкота і ад пачатку сумняваўся, што цэнзура прапусціць яго словы ў эфір. http://spring96.org/be/news/56255 Але пасля адзначыў, што было невялікае спадзяванне, што яго выступ толькі крыху "падрэжуць".

На выступ кожнага кандыдата было адведзена па пяць хвілін. Мікалай Плаксіцкі пачаў з біяграфіі, а потым абяцаў, што ў Парламенце возьмецца адразу за ўсе праблемы: заробкі, пенсіі, медыцыну, адукацыю, эканоміку, падаткі, масавую фізкультуру, рэстаўрацыю Бабруйскай крэпасці і гэтак далей.

Яго канкурэнт Уладзімір Яўсеенкаў казаў пра "нестабільныя 90-я", каторыя прымусілі яго стаць прадпрымальнікам. Сябра ЛДП адзначыў, што "цвёрда стаіць на нагах", і раптам пачаў рэкламаваць свае крамы будаўнічых тавараў. Ён заявіў, што шмат займаецца дабрачыннасцю і пастаянна сутыкаецца з папяровай цяганінай. Паабяцаў у выпадку перамогі не быць "дэпутатам-невідзімкай".

Аналагічны дуэт - прадстаўнік дзяржструктуры плюс сябра ЛДП - можна было ўбачыць у эфіры, адведзеным пад кандыдатаў ад Першамайскай акругі. Куды "знік" трэці зарэгістраваны прэтэндэнт, аператар "Беларусьнафты" Яўген Катовіч, невядома.

Дырэктар школы №30 і сябра Рэспубліканскай партыі труда і справядлівасці Жана Мішур пачала з падзякаў "пяці тысячам бабруйчан, каторыя яе вылучылі". Кандыдатка заявіла, што засяродзіцца на праблемах сям'і і адукацыі. Таксама яна адзначыла, што будзе спрыяць развіццю "сяброўства з суседзямі і расійска-беларускай інтэграцыі".

Яе апанент Уладзімір Загрышаў ужо не першы раз ідзе на выбары ў ПП НС, і ні разу не прайшоў. Тым не менш гэты кандыдат на працягу ўсяго выступа паўтараў "я прыйшоў перамагаць!" Ён заявіў, што "не можа глядзець, як краіна коціцца ў прорву", і паабяцаў, што будзе змагацца за інтарэсы простых людзей.

Таксама выбаршчыкі змогуць пачуць выступы гэтых кандыдатаў на Першым нацыянальным канале Белрадыё: Ленінская акруга - 31 жніўня з 18.30 да 18.50, Першамайская акруга - 31 жніўня з 18.00 да 18.30, Сельская акруга - 3 верасня з 18.20 да 18.30. Судзячы па часе (па 10 хвілін на чалавека) выступ Мацвея Хатары не прагучыць і на радыё. У эфірны час, адведзены пад Сельскую акругу, "змяшчаецца" толькі адзін выступ - ці Алены Шамаль, дзеючай дэпутаткі ПП НС, ці сябра ЛДП Аляксандра Дзіка.  

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма