Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Салігорск: назіральнік абскарджвае адмову азнаёміцца з дакументамі аб вылучэнні кандыдатаў

  • Леанід Мархотка, прадстаўнік БХК у Салігорску
    Леанід Мархотка, прадстаўнік БХК у Салігорску

Салігорскі праваабаронца Леанід Мархотка накіраваў у Цэнтральную выбарчую камісію скаргу на дзеянні Салігорскай гарадской АВК №68.

На паседжанні акруговай камісіі па пытанні рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты праваабаронца  звярнуўся з вуснай просьбай прадставіць магчымасць агледзець дакументы па ўсіх чатырох кандыдатах у дэпутаты па Салігорскай гарадской выбарчай акрузе № 68, прызначыўшы дзень, час і месца, дзе можна гэта зрабіць. Старшыня камісіі Ермалинская А.К. выступіла супраць прадастаўлення назіральніку РПГА «БХК» для агляду вышэйзгаданых дакументаў і паставіла гэта пытанне на галасаванне камісіі. Камісія аднагалосна прагаласавала за прапанову Ермалінскай А.К. і адмовіла Леаніду Мархотку ў прадастаўленні дакументаў для агляду.

- Лічу дадзеную адмову незаконнай. Артыкул 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь наўпрост не дае назіральніку права знаёміцца ​​з дакументамі аб вылучэнні кандыдата ў дэпутаты. У той жа час, ён гэтага і не забараняе, - кажа Леанід Мархотка. - З майго пункту гледжання, прадастаўленне мне магчымасці азнаёміцца ​​з дакументамі аб вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты дазволіла б зрабіць такі важны этап выбарчага працэсу, як рэгістрацыя кандыдатаў, больш галосным і адкрытым. Працэс праверкі подпісаў выбаршчыкаў прайшоў у закрытым рэжыме, з дакументамі аб вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты азнаёміцца ​​немагчыма. Гэта сведчаць пра негалоснасць, закрытасць ды непразрыстаць выбарчага працэсу па акрузе на дадзеным этапе.

На думку назіральніка, з выбарчага працэсу па Салігорскай гарадской акрузе фактычна робіцца дзяржаўная таямніца.

У сваёй скарзе на імя старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай Леанід Мархотка патрабуе абавязаць Салігорскую гарадскую акруговую выбарчую камісію №68 прадставіць для азнаямлення дакументы аб вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.

”Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма