Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Тэлевыступ віцебскага кандыдата ад АГП знялі на падставе ананімнага дакумента

Выступ Сяргея Рэзнічэнкі мусіў транслявацца ўвечары 28 жніўня. Але у эфір ён так і не выйшаў. Актывіст АГП звярнуўся ў Віцебскую тэлерадыёкампанію, дзе яму паказалі паперу з ЦВК. Аднак яго прозвішча  ў дакуменце пра забарону тэлевыступаў не было.

Сяргей Рэзнічэнка распавёў пра сваю гутарку з супрацоўнікамі "Тэлерадыёкампаніі Віцебск":

-- Дырэктара на месцы ў 9.30 не было, намесніка таксама. Да мяне выйшла жанчына, сказала, што выступ мой учора быў паказаны, і што яна не разумее маіх прэтэнзій.  Потым да нашай размовы далучыўся рэдактар Юрый Давыдоўскі. Толькі ён пацвердзіў, што тэлевыступ быў зняты з эфіру. Прычына – нібыта забарона ЦВК. Мне паказалі дакумент з нейкімі артыкуламі, паводле якога мой выступ забаронены. Але гэта быў "ананімны" дакумент – там увогуле не было ніводнага прозвішча. Тым не меньш, спадар Давыдоўскі настойваў, што мой выступ быў накіраваны ў Мінск, і менавіта ЦВК прыняў рашэнне яго не трансляваць. Я запатрабаваў, каб прычыны адмовы мне далі ў пісьмовым выглядзе, і з указаннем менавіта майго прозвішча".

Паводле спадара Рэзнічэнкі, адказ з "Тэлерадыёкампаніі Віцебск" яму паабяцалі даць у першай палове дня 29 жніўня. Сам кандыдат, які балатуецца па Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе №20, не выключае, што прычынай не выхаду у эфір стала згадка кампаніі АГП "За справядлівыя выбары без Лукашэнкі", пра якую ён гаварыў у сваім тэлевыступе.

”Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма