Актывіста ініцыятыўнай групы дэмакратычнага кандыдата звольнілі з працы
Пятра Басейку, актывіста ініцыятыўнай групы кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад патрыі БНФ па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83 Валерыя Каранкевіча, звольнілі з працы “у сувязі са сканчэннем працоўнай дамовы”.
Пётр Басейка працаваў вартаўніком у Хоцімскім жылкамгасе, у час перадвыбарчай кампаніі ён стаў начальнікам штаба кандыдата ад партыі БНФ, актывіста кампаніі “Гавары праўду” з Хоцімска Валерыя Каранкевіча. Сам актывіст лічыць, што яго звольнілі з працы і не працягнулі кантракт толькі з-за яго актыўнай грамадскай і палітычнай дзейнасці.
“Мой апошні працоўны дзень быў 24 жніўня, з 25-га я застаўся беспрацоўным, - кажа Пётр Басейка. – Працоўную кніжку і канчатковы разлік у жылкамгасе пакуль не атрымліваў, бо збіраюся абскарджваць рашэнне працадаўцы. Зараз вось кансультуюся з праваабаронцамі, як гэта лепш зрабіць. Канешне, звальненне “у сувязі са сканчэннем працоўнай дамовы” выглядае смешна, бо Хоцімскаму жылкамгасу, наадварот, пастаянна патрабуюцца працаўнікі, з-за нізкіх заробкаў людзі звальняюцца і з’язжаюць у Расію. Лічу сваё звальненне цалкам палітычна матываваным, мы пастаянна турбавалі мясцовую ўладу, узнімаючы праблемныя пытанні. Ну а мой актыўны ўдзел у ініцыятыўнай групе за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Валерыя Каранкевіча стаў апошняй кропляй. Звольніўшы з працы, улады проста фактычна выжылі мяне з раёна, бо зараз давядзецца ехаць у Расію. Як кажуць, няма чалавека – няма праблемы. Аднак у гэтай выбарчай кампаніі я ўсё роўна адпрацую да яе заканчэння, а ўжо пасля займуся асабістымі праблемамі”.
Кадыдат у дэпутаты Валерый Каранкевіч таксама лічыць звальненне з працы кіраўніка свайго перадвыбарчага штабу палітычна матываваным.
“Пётр Басейка актыўна працаваў у маёй камандзе, таксама ён пастаянна ўзнімаў перад чыноўнікамі разнастайныя грамадскія праблемы, таму і вырашылі яго звольніць з працы, - выказвае меркаванне Валерый Каранкевіч. – Разумеюць, што без стабільнага заробка ён проста з’едзе на працу ў Расію, знікне праблема. Дарэчы, на працы ціснулі і на жонку Пятра Басейкі, каб яна на яго паўплывала. Наогул, хоцімскія чыноўнікі вельмі актыўна процідзейнічаюць дзейнасці маёй каманды. Таго ж Пятра Басейку і яшчэ аднаго нашага актывіста, Сяргея Петражыцкага, не ўключылі ў склад участковых выбарчых камісій “з-за недахопу вопыта”. Проста смешна, бо Пётр Басейка мае вышэйшую адукацыю, сем гадоў адпрацаваў майстрам у нашым ліцэі, актыўна ўдзельнічаў у цэлым шэрагу выбарчых кампаній, а зараз за яго актыўную палітычную дзейнасць пазбавілі нават працы вартаўніка ў Хоцімскім жылкагасе, які пастаянна вывешвае аб’явы “патрабуюцца працаўнікі”…
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма