Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Суд палічыў забарону пікета абгрунтаванай

  • Старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі падчас суду
    Старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі падчас суду

28-29 жніўня ў судзе Ленінскага раёна Брэста разглядалася скарга праваабаронцы Ўладзіміра Вялічкіна на забарону пікета 4 жніўня, які меркавалася правесці на знак салідарнасці са зняволеным год таму старшынёй Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесем Бяляцкім і іншымі палітзняволенымі.

Уладзімір Вялічкін прасіў прызнаць адмову намесніка старшыні гарвыканкама Вячаслава Хафізава неправамоцнай, парушаючай права на свабоднае выказванне меркавання.

Суддзя Андрэй Канючка пакінуў скаргу Вялічкіна без задавальнення, а адмову Брэсцкага гарвыканкама прызнаў законнай і абгрунтаванай.

Нагадаем, што падставай для адмовы ў правядзенні пікета ў складзе пяці  чалавек у парку воінаў–інтэрнацыяналістаў стала правядзенне мерапрыемстваў у гэты час і ў гэтым месцы воінамі-дэсантнікамі. Другая прычына адмовы – адсутнасць пагадненняў з міліцыяй, бальніцай і камунальнай службай.

Праваабаронца лічыць падставы цалкам надуманымі. Па-першае, па словах Вялічкіна, у парку хапіла б месца і пяці  пікетоўцам, і воінам-дэсантнікам. Па-другое, пагадненні з вышэйзгаданымі службамі пяці пікетоўцам не патрэбны: яны ўсе законапаслухмяныя грамадзяне, мелі б пры сабе аптэчку і тэлефоны на выпадак патрэбы медычнай дапамогі і не збіраліся пакідаць пасля сябе горы смецця. Не ўлічваючы таго, што ўсе гэтыя службы існуюць за кошт падаткаў грамадзян, у тым ліку -- тых пяці, якія збіраліся правесці пікет.

Рашэнне суда Ленінскага раёна будзе абскарджана ў Брэсцкім абласным судзе.

 

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма