Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Даход рэчыцкага кандыдата ў 11,5 разоў перавышае сярэдні заробак па раёну

Даход кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Адама Вашкова ў 11,5 разоў перавышае сярэдні заробак па Рэчыцкім раёне. Адзін з яго канкурэнтаў зарабляе ў 26 разоў меньш, другі ўвогуле быў беспрацоўны.

Адам Вашкоў, “кандыдат ад улады” – дырэктар Рэчыцкага метызнага заводу, колішні першы сакратар Рэчыцкага гаркама КПБ. За 2011 г., згодна афіцыйным звесткам, ён атрымаў 225 474 430 рублёў даходу. Такім чынам, у сярэднім штомесячны даход А. Вашкова складаў 18 789 536 руб.

Заробкі ў Рэчыцкім раёне – адны з самых высокіх у Гомельскай вобласці (за кошт нафтаздабычы). У 2011 г. раён па гэтым паказчыку быў на другім месцы пасля Жлобінскага. Аднак нават тут даход А. Вашкова найшмат вышэй за даходы суграмадзян. Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, намінальная налічаная заработная плата ў Рэчыцкім раёне ў І паўгоддзі 2011 г. была ў сярэднім 1 628 900 руб. на месяц.

Ні ў якае параўнанне з даходам А. Вашкова не ідуць даходы яго канкурэнтаў. Прадстаўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Ігар Каўбаска, які жыве ў Гомелі і працуе экспертам Гомельскай міжрэгіянальнай ромскай абшчыны, меў за прайшоўшы год даход у 8 591 690 руб., альбо штомесяц ў сярэднім 715 974 руб. Трэці кандыдат, беспартыйны Антон Няфёдаў (прадстаўнік грамадскай кампаніі “Гавары праўду!”)  быў беспрацоўны і даходу не меў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма