Бялыніцкая ДАІ па начах палюе на “забароненую літаратуру”
Учора каля 23.30 у аграгарадку Вялікая Машчаніца супрацоўнікі бялыніцкай ДАІ спынілі аўтамабіль кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90, намесніка старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Міліцыянераў хвалявала пытанне, ці не перавозіць кандыдат у дэпутаты “забароненую літаратуру”.
“Я толькі крыху ад’ехаў ад хаты майго сябра Барыса Вырвіча ў Машчаніцы, дзе мы з ім і з маёй даверанай асобай, бялыніцкім актывістам партыі БНФ Мікалаем Мяцеліцам, абмяркоўвалі пытанні арганізацыі перадвыбарчай кампаніі, як мяне нагнала міліцэйская машына з уключанай мігалкай, - распавядае Рыгор Кастусёў. – Час быў вельмі позні, каля паловы на дванаццатую ночы, і ў мяне склалася ўражанне, што супрацоўнікі міліцыі мэтанакіравана чакалі, калі я буду ехаць. Міліцыянеры запатрабавалі, каб я спыніў аўтамабіль, я выканаў іх загад. Да мяне падышоў супрацоўнік ДАІ, які папрасіў паказаць дакументы на аўтамабіль. Але хвалявала яго зусім іншае пытанне, ён асвятліў салон маёй машыны і пацікавіўся, ці не перавожу я “забароненую літаратуру”. Я супакоіў супрацоўніка міліцыі, што ніякай забароненай літаратуры ў мяне няма, пасля гэтага ён даў дазвол мне ехаць далей. Агляда майго аўтамабіля супрацоўнікі міліцыі не праводзілі, толькі асвятлілі салон і паглядзелі, што ў ім знаходзіцца. Не ведаю, ці засталіся міліцыянеры чакаць, калі будзе ад’язджаць Мікалай Мяцеліца, але я патэлефанаваў і папярэдзіў сяброў, каб яны былі ўважлівыя”.
Рыгор Кастусёў выказвае здзіўленне тым, што супрацоўнікаў міліцыі ўначы хвалюе пытанне, ці не перавозіць “забароненую літаратуру” кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад партыі БНФ. Ён зазначае, што кандыдату ад улады, які з’яўляецца намеснікам старшыні КДК краіны, Аляксандру Агееву бялыніцкія міліцыянеры такіх пытанняў не задаюць.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма