Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Мінск: Мілінкевічу, Пашкевічу, Фінкевічу ў рэгістрацыі адмоўлена

30 жніўня Цэнтрвыбаркам разглядае скаргі незарэгістраваных вылучэнцаў у кандыдаты ў дэпутаты па Мінску. Прэтэндэнтам, у якіх выявілі больш за 15% несапраўдных подпісаў, у рэгістрацыі паўторна адмоўлена. Тыя, у каго знайшлі памылкі ў дэкларацыях аб даходах і маёмасці, часткова зарэгістраваныя.

Такім чынам, вырашана было зарэгістраваць кандыдатам у дэпутаты актывістку БХД Вольгу Кавалькову. Шабаноўская выбарчая камісія першапачаткова не зарэгістравала яе, бо знайшла ў дэкларацыі недакладнасці на 2,7 мільёнаў рублёў. Аднак ЦВК прызнала перавышэнне прыбыткаў неістотным і атывістку зарэгістравалі.

Сёння ж быў зарэгістраваны былы міністр абароны – Павел Казлоўскі, які вылучаўся ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Цэнтрвыбаркам палічыў прэтэнзіі Васняцоўскай выбарчай акругі неістотнымі - былі выяўлены недакладнасці ў памерах гаражу і прыбытку ад здачы ў арэнду памяшкання.

З партыі “Справядлівы свет” зарэгістравалі Алега Квітко, з БНФ - Сяргея Карповіча, з ЛПДБ – Яўгена Крыжаноўскага.

А вось вядомым палітычным актывістам Артуру Фінкевічу і Міхаілу Пашкевічу ў рэгістрацыі адмоўлена. Прычына – выяўлены несапраўдныя подпісы і даты падпісання. Камісія вырашыла не браць пад увагу тое, што Міхаіл Пашкевіч прадаставіў заявы ад 35 выбаршчыкаў, якія пацвярджаюць, што яны ставілі подпіс за вылучэнца. Подпісы, сабраныя ініцыятыўнай групай Мілінкевіча, таксама адмовілі прызнаваць сапраўднымі. Іх дадаткова вывучалі прадстаўнікі апазіцыйных партыі ў ЦВК Лялькоў, Карняенка і Калякін, якія настойвалі на рэгістрацыі лідэра “Руху “За свабоду”, аднак ЦВК прапанову не падтрымала. Прадстаўнік Мілінкевіча Юрый Меляшкевіч падчас разгляду скаргаў адзначыў, што рашэнне аб нерэгістрацыі з’яўляецца палітычным. “Ужо сёння апублікаваны спіс 110 лаяльных уладзе асобаў, якія будуць дэпутатамі. Мілінкевіча не зарэгістравалі, каб дэпутатам стаў Зыгмунт Валевач, сваяк прэм’ер-міністра”, - перадае словы Меляшкевіча “Радыё Свабода”.  Па Уручскай акрузе №109 таксама не зарэгістравалі Леаніда Мажальскага, які быў ініцыятарам пратэстаў супраць ушчыльнення мікрараёна “Уручча-2” - з-за несапраўдных подпісаў і незадэклараваных акцыяў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма