Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Аляксандр Агееў адмовіўся ад дэбатаў з Рыгорам Кастусёвым

  • Намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандр Агееў
    Намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандр Агееў

Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90, намеснік старшыні КДК краіны Аляксандр Агееў у сваім выступе па абласному радыё 30 жніўня патлумачыў, чаму ён не хоча ўдзельнічаць у дэбатах з дэмакратычнымі кандыдатамі. Па ягоных словах, чыннікам для гэтага паслужыла тое, што “дыскутаваць можна з тымі, хто прыносіць практычнымі дзеяннямі карысць краіне і людзям”. Таксама Аляксандр Агееў сказаў пра лідараў некаторых палітычных партый, якія ездзілі ў 2007 годзе ў Амерыку і абмяркоўвалі магчымасць аказання ўплыву на сітуацыю ў нашай краіне і заявіў, што не хоча дыскутаваць з прадстаўнікамі гэтых партый, бо не бачыць у гэтым ніякай неабходнасці.

Наш карэспандэнт папрасіў пракаментаваць выказванні Аляксандра Агева іншых кандыдатаў па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 – намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва і сябра Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Зінаіду Мілешчанку. Дарэчы, высветлілася, што ні Рыгор Кастусёў, ні Зінаіда Мілешчанка ў ЗША ніколі не былі.

“Сумна, што Аляксандр Агееў, якога я даўно ведаю яшчэ па сумеснай працы ў Бялыніцкім раёне, скаціўся да палівання брудам людей, думаючых інакш, чым ён, - выказаў меркаванне Рыгор Кастусёў. – Яшчэ больш сумна, што чыноўнік такога высокага рангу не хоча выслухваць меркаванняў, якія адрозніваюцца ад яго асабістых перакананняў. Далёка не ўсе людзі ў краіне жывуць так заможна і шчасліва, як Аляксандр Віктаравіч. Дарэчы, у Амерыцы я асабіста ніколі не быў, і не лічу, што з’яўляюсь меншым патрыётам сваёй краіны, чым Аляксандр Агееў”.

Непаважлівыя адносіны праўладнага кандыдата да сваіх апанентаў не пакінулі абыякавай і Зінаіду Мілешчанку.

“ Усё жыццё адпрацаваўшы на сваю краіну, я зараз атрымлівую мізэрную пенсію, якой хапае на два тыдні, - кажа Зінаіда Мілешчанка. – Калі б жыла толькі на яе, даўно б памёрла з голаду ў “моцнай квітнеючай Беларусі”, жыццё ў якой так падабаецца Аляксандру Агееву. Жыць больш-менш нармалёва атрымліваецца толькі дзякуючы таму, што трымаю вялікую асабістую гаспадарку і дапамагаюць дзеці, якія вымушаны былі з’ехаць з нашай краіны на працу ў Расію, каб самім прыстойна жыць ды дапамагчы пажылым бацькам. У ЗША я не была, не давялося паглядзець, як жывуць людзі ў гэтай краіне. Аляксандр Віктаравіч дазваляе сабе непаважліва ставіцца да апанентаў, а сам проста не ведае, як выжываюць звычайныя людзі ў Беларусі. Ён даўно пры высокіх пасадах і добрых заробках, таму ў яго асабіста сапраўды ўсё добра”.

Дарэчы, напрыканцы мінулага тыдня кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Агееў прыняў удзел у працы педагагічнай канферэнцыі Бялыніцкага раёна, пра што с пафасам распавяла раённая газета “Зара над Друццю”, змясціўшы фотаздымак кандыдата-начальніка на першай старонцы. Інфармацыю пра наведванне Аляксандрам Віктаравічам педагагічнай канферэнцыі змясціў і інтэрнэт-сайт Бялыніцкага райвыканкама. Чамусьці іншых кандыдатаў у дэпутаты па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 на сустрэчу з педагогамі не запрасілі.

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма