Пінск: У тэлевыступе кандыдат ад БНФ абвесціў пра зняццё з выбараў
Па словах Аляксандра Рамановіча, адбудзецца гэта, калі не выпусцяць палітзняволеных і не зменіцца аўтарытарны стыль кіравання краінай. Ягоная канкурэнтка заклікала больш працаваць, каб лепей жыць.
30 жніўня па тэлеканале “Беларусь-2” паказалі выступы кандыдатаў у дэпутаты па Пінскай гарадской выбарчай акрузе №14. Аляксандар Рамановіч, кандыдат ад партыі БНФ, у сваім выступе адзначыў, што выбары фактычна фармальныя, выбарчыя камісіі фармуюцца непразрыста і з членаў аднаго працоўнага калектыву, дэпутатаў фактычна прызначаюць і аўтарытарны рэжым не жадае бачыць у парламенце апазіцыю. Потым спадар Рамановіч прарэкламаваў так званую “Народную праграму”, якую распрацавалі адмыслоўцы з альтэрнатыўнымі поглядамі на развіццё краіны. Яе асноўныя тэзісы – выкарыстоўваючы еўрапейскі досвед, рабіць перамены ў сферы эканомікі, сацыяльнай абароны і палітычным жыцці Беларусі. Напрыканцы выступа Аляксандар Рамановіч заявіў, што не жадае ўдзельнічаць у выбарчым фарсе і, калі не выпусцяць палітзняволеных і не зменіцца аўтарытарны стыль кіравання краінай, ён здыме сваю кандыдатуру.
Другі кандыдат па гэтай акрузе - дзеючы дэпутат ПП НС Зінаіда Мандроўская - заявіла, што будзе працаваць у імя простых людзей. Яе жыццёвае крэда: “Грамадства. Праца. Веды. Закон”. Яна паведаміла, што будзе ініцыяваць законы, якія будуць паляпшаць дабрабыт насельніцтва, што будзе стымуляваць спецыялістаў і творчых людзей заставацца працаваць у Беларусі. Акрамя таго, спадарыня Мандроўская намерана працаваць з законамі, якія дапамагаюць людзям з абмежаванымі магчымасцямі, і законамі, якія будуць змагацца з ужываннем алкаголю і наркотыкаў. Не забыла дэпутатка і аб праблемах самаго Пінска: абяцае знайсці фінансаванне на будаўніцтва сучаснага анкалагічнага цэнтра, дзіцячых садкоў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма