Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Шклоў: акруговая камісія параіла шукаць участкі ў інтэрнэце

У акруговай камісіі Шклоўскай выбарчай акругі № 90 кандыдату ў дэпутаты параілі шукаць інфармацыю аб месцазнаходжанні ўчасткаў для галасавання на інтэрнэт-сайтах.

Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Зінаіда Мілешчанка 30 жніўня звярнулася ў акруговую камісію Шклоўскай выбарчай акругі № 90 з просьбай азнаёміць яе з інфармацыяй аб тым, дзе ў акрузе месцяцца ўчасткі для галасавання і знаходзяцца ўчастковыя камісіі. Сакратар акруговай камісіі на зварот кандыдата ў дэпутаты адказала, што гэтай інфармацыі ў яе няма і параіла шукаць яе на інтэрнэт-сайтах альбо ў газетах.

“Я спецыяльна ездзіла ў Шклоў, каб атрымаць адказ на гэта пытанне, а таксама забраць пасведчанні для сваіх давераных асобаў, - кажа Зінаіда Мілешчанка. – Я была вельмі здзіўлена, калі мне не змаглі адказаць на самае простае пытанне і даць паглядзець спіс выбарчых участкаў для галасавання ў нашай выбарчай акрузе. Сакратар акруговай камісіі сказала, што ў яе такога спіса няма і параіла шукаць патрэбную інфармацыю на інтэрнэт-сайтах альбо ў газетах. Мяне здзіўляюць такія адносіны членаў акруговай камісіі, у іх няма элементарнай інфармацыі. Між тым, у Шклоўскую выбарчую акругу № 90 уваходзяць Бялыніцкі, Круглянскі,  Шклоўскі раёны, а таксама часткі горада Магілёва і Магілёўскага раёна, колькі трэба часу, каб перагледзець адпаведныя рашэнні мясцовых райвыканкамаў. Я была дэпутатам раённага Савета, неаднаразова ўдзельнічала ў мясцовых выбарах, і ў нас у Круглым сябры выбарчых камісій заўсёды давалі патрэбную інфармацыю і аказвалі неабходную дапамогу без усялякіх праблем. На жаль, пра членаў акруговай выбарчай камісіі Шклоўскай акругі № 90 я гэтага сказаць не магу”.

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма