Гомель: на тэлебачанні не хацелі прымаць скаргу кандыдата Няпомняшчых
У эфіры гомельскага тэлебачання 29 жніўня не выйшаў запіс кандыдата ў дэпутаты па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе, сябра АГП Уладзіміра Няпомняшчых. Прычыну забароны выступу кандыдату ніхто не патлумачыў, таму ён вырашыў высветліць гэта ў кіраўніцтва мясцовага ТБ. Як аказалася на практыцы, гэта не так проста.
30 жніўня Уладзімір Няпомняшчых некалькі разоў тэлефанаваў на тэлебачанне, каб звязацца ці з дырэктарам, ці яго намеснікам, ці яшчэ нейкай адказнай асобай. «Але ці ніхто не здымаў слухаўку, ці адказвалі, што дырэктара няма, намесніка таксама. Пасля абеду, з 16.30 да 19.00 (то бок дзве з паловай гадзіны), я праседзеў у будынку тэлебачання са сваёй скаргай, але дарэмна. Ніхто не хацеў яе прымаць, а сакратар проста збегла, хоць і ведала, што я чакаю яе на першым паверсе», - распавёў кандыдат у дэпутаты.
Ён папрасіў перадаць адказным асобам, у першую чаргу, сакратару, што калі 31 жніўня ён прыйдзе і ніхто не прыме заяву, то проста ляжа на прыступках будынка тэлебачання і будзе чакаць, пакуль хто прыме тую скаргу.
31 жніўня пасля двух запісаў у Кнізе скаргаў і прапаноў нарэшце з'явілася сакратар, якая прыняла скаргу. «У кнігу скаргаў я ўнёс такі запіс: Паважаныя спадары-начальнічкі, чыноўнічкі, кіраўнікі тэлерадыёкампаніі «Гомель», да якога часу вы будзеце здзеквацца не толькі над людзьмі, але і над здаровым сэнсам? Калі вы навучыцеся адказваць за свае дзеянні і ўчынкі? Я толькі хацеў пакінуць вам заяву, не больш за тое. Але вы чагосьці вельмі баіцеся - чаго? Разбегліся з працы, як пацукі з тонучага карабля. Сорамна! Вашы дзеянні нагадваюць мне дзеянні нашкодзіўшага дзіцяці: нагадзілі ў кутах замест гаршку і баіцеся адказнасці, хаваецеся па кутах, пэцкаючы іншых і сябе саміх. Пад іншымі я маю на ўвазе сакратара, якая вымушана выконваць вашы загады - не пад якім соусам не браць маю заяву. Запэўніваю вас: вы яго возьмеце і дасце адказ ва ўстаноўленыя законам тэрміны. Не хацелі адказаць на адну заяву, давядзецца адказваць на тры», - зачытаў тэкст, пакінуты ў кнізе скаргаў, Уладзімір Няпомняшчых.
У заяве, якую так не хацелі прымаць на тэлебачанні, дарэчы, не было нічога правакацыйнага ці незаконнага. Кандыдат у дэпутаты запытваўся, на падставе якіх артыкулаў, пунктаў адміністрацыйнага, крымінальнага кодэксу, дэкрэтаў, указаў прэзідэнта кандыдат у дэпутаты ў парушэнне Канстытуцыі быў пазбаўлены магчымасці рэалізацыі свайго канстытуцыйнага права. «Калі ж гэта самадурства якіх-небудзь чыноўнікаў і вам паступіў такі загад, прашу паведаміць мне прозвішча, імя і пасаду гэтага чыноўніка. Калі ж вы аддасце перавагу не адказваць на пастаўленыя мной пытанні ў поўным аб'ёме, хацелася б, каб вы хоць бы запомнілі іх прозвішчы для сябе на будучыню, бо да гэтага пытання, я ўпэўнены, мы яшчэ вернемся», - напісаў у заяве кіраўніцтву тэлерадыёкампаніі кандыдат.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма