Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Людміла Пеціна: Жанчыны адмаўляюцца ўдзельнічаць у выбарах, каб не марнаваць час дарма

  • Людміла Пеціна, старшыня ГА «Жаночы незалежны дэмакратычны рух» і сябра АГП
    Людміла Пеціна, старшыня ГА «Жаночы незалежны дэмакратычны рух» і сябра АГП

Для больш актыўнага ўдзелу жанчын у палітычным працэсе неабходна змяніць выбарчы працэс у Беларусі ў цэлым, лічыць старшыня грамадскага аб'яднання «Жаночы незалежны дэмакратычны рух» і сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Людміла Пеціна.

На яе думку, у цяперашні час у выбарах удзельнічаюць, у асноўным, жанчыны, якія працуюць у дзяржаўных установах, а прадстаўніцам апазіцыйных партый патрапіць у парламент практычна немагчыма. “Парламенцкія выбары ў Беларусі ў гэтым фармаце можна прыраўняць да прызначэння”, - сказала Пеціна.

Паводле яе слоў, многія жанчыны адмаўляюцца ўдзельнічаць у выбарах, каб не марнаваць час дарма, хоць гэта зусім не азначае, што яны не імкнуцца ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны. Аднак знаходзяцца і такія жанчыны, якія ідуць на выбары дзеля палітычнага вопыту, «каб паглядзець, як працуе сістэма, паспрабаваць свае сілы».

«Удзел жанчын у выбарах з боку дэмакратычных партый спецыфічны. Многія жанчыны ўдзельнічаюць у іх, каб атрымаць першы вопыт, і імкнуцца данесці да выбаршчыка праблемы жаночай сацыяльнай групы і гендэрнай роўнасці, - кажа Пеціна. - Але большасць палітычных партый праводзяць кампанію байкоту, і жанчыны прытрымліваюцца палітыкі, якую вызначае партыя. Тут мала што залежыць ад прыналежнасці да полу і каштоўнасцяў, на якія жанчыны хацелі б звярнуць увагу. Гэтая кампанія накіравана на рэалізацыю ідэі пра тое, што выбары не з'яўляюцца свабоднымі і дэмакратычнымі».

«У такіх умовах выходзіць да насельніцтва і казаць па жаночай праблематыцы даволі складана. Хоць я лічу, што гэта неабходна рабіць у любой сітуацыі, таму што мы маем дастаткова вострыя праблемы жаночай сацыяльнай групы, як, зрэшты, і сур'ёзныя перакосы з гендэрнай роўнасцю, якія закранаюць мужчынскую частку насельніцтва», - дадала старшыня ЖНДР.

На яе думку, размовы з выбаршчыкамі на гэтую тэму «знайшлі б водгук», паколькі «большасць праблем, з якімі сутыкаюцца жанчыны, - гэта праблемы рынку працы, неадэкватнасці сістэмы аховы здароўя і сістэмы сацыяльных дапаможнікаў».

Паводле інфармацыі Пецінай, некаторыя зарэгістраваныя кандыдаты-жанчыны ўсё-ткі будуць падымаць гендэрныя пытанні ў час выбарчай кампаніі.

«Удзел жанчын у выбарах надзвычай важны, але ў кантэксце дэмакратычнай свабоднай працэдуры ўсяго выбарчага працэсу. Мы адсочвалі папярэднія кампаніі 2008 і 2004 гадоў, у якіх удзельнічала вельмі шмат незалежных жанчын-кандыдатаў, якія не належылі да палітычных партый і прайшлі навучанне паліттэхналогій. Гэтыя жанчыны паказвалі вельмі добрыя вынікі, але не выйшлі нават у другі тур. У гэтым годзе кампанія будзе такой жа, таму ў выбарчым заканадаўстве нічога не змянілася. І многія жанчыны, якія прайшлі праз гэтую школу, разумеюць, што выбары - гэта пустая трата часу», - сказала Людміла Пеціна.

У незалежных ці апазыцыйных кандыдатаў, на яе думку, няма шанцаў прайсці ў парламент, а тыя жанчыны, якія ўсё ж трапяць у Палату прадстаўнікоў, “не з'яўляюцца незалежнымі палітычнымі суб'ектамі”. Па словах Пецінай, раней звароты ЖНДР і іншых арганізацый да жанчын-дэпутатаў не давалі ніякіх вынікаў.

«Яны не з'яўляюцца самастойнымі палітыкамі, суб'ектамі палітычнага жыцця, як і ўвесь парламент, - лічыць старшыня руху. - Трэба і матываваць жанчын на ўдзел у палітычным жыцці, і надзвычай важна змяніць палітычную сітуацыю ў цэлым ».

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма