Маладэчна: назіральнікаў АБСЕ здзіўляе, што ў горадзе выбары не адчуваюцца
Назіральнікі ад АБСЕ 30 і 31 жніўня сустракаліся з удзельнікамі выбарчай кампаніі ў Маладэчне. Прадстаўнікі гэтай арганізацыі, адзін з якіх – з Нарвегіі, другі – з Нідэрландаў, былі здзіўлены, што ў час, калі кампанія мусіць быць у поўным разгары, нідзе на вуліцах горада гэтага не адчуваецца.
Назіральнікі найперш сустракаліся з усімі кандыдатамі, якія балатуюцца па абодвух акругах – Маладэчанскай гарадской №72 і Маладэчанскай сельскай №73. Таксама яны размаўлялі з прадстаўнікамі камісій і незалежнымі назіральнікамі, зарэгістраванымі на гэтых акругах.
Як распавядае адзін з кандыдатаў, прадстаўнік Партыі БНФ, назіральнікі цікавіліся ягонай праграмай, біяграфіяй, палітычным досведам, выбарчай стратэгіяй і наогул – актыўнасцю ў выбарчым працэсе рэгіянальных апазіцыйных сілаў.
Іншы суразмоўца прадстаўнікоў АБСЕ, назіральнік ад БХК, адзначае, што замежныя назіральнікі вельмі дакладна распытваліся пра сутнасць ягоных заўваг і скаргаў на дзеянні камісіі, а таксама цікавіліся, чаму, на ягоную думку, сярод кандыдатаў так мала прадстаўнікоў палітычных партый, у тым ліку - апазіцыйных, а ў мясцовых камісіях, як акруговых, так і ўчастковых – прадстаўнікоў апазіцыі наогул няма.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма