Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Светлагорск: ЦВК таксама адмовіла ў рэгістрацыі Ігару Песікаву

  • Ігар Песікаў,  удзельнік “Гавары праўду!” (Светлагорск)
    Ігар Песікаў, удзельнік “Гавары праўду!” (Светлагорск)

Жыхар Светлагорска Ігар Песікаў, які быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і якога не зарэгістравала ў якасці кандыдата Светлагорская акруговая выбарчая камісія, атрымаў адказ на сваю скаргу з Цэнтральнай выбарчай камісіі. Ігар Песікаў не згодны з тым, што подпісы жыхароў пасёлка Парычы за яго вылучэнне не залічаны.  

У адказе ЦВК гаворыцца, што ў акруговую выбарчую камісію здадзена 77 падпісных лістоў, якія змяшчаюць 1135 подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне І.Песікава. Было адабрана для праверкі 350 подпісаў, з іх прызнана несапраўднымі 148. Прычыны: у 79 подпісах даты ставіў удзельнік ініцыятыўнай групы Васіль Дайнека (а павінны ставіць выбаршчыкі), а ў 58 подпісах удзельнікі групы Марына Гайшун і Сяргей Стасько перад адрасамі падпісантаў з г.п. Парычы не ўказалі "Светлагорскі раён".

Загадчык аддзела кадраў аднаго з прыватных прадпрыемстваў Ігар Песікаў – беспартыйны, прадстаўляе грамадскую кампанію “Гавары праўду!”, у кандыдаты вылучаўся ўпершыню. Каментуючы адказ з ЦВК, ён кажа:

– Лічу неаб’ектыўным такі падыход з боку камісій, калі не залічаны подпісы выбаршчыкаў з Парычаў – таму што іншых Парычаў, акрамя як у Светлагорскім раёне, няма. Атрымліваецца, выбарчая камісія усё разглядае такім чынам, каб не зарэгістраваць кандыдата. Таму, магчыма, я абскарджу гэта ў судзе.

Акрамя таго, камісіі вызначылі як “ліпавыя” шэраг подпісаў, што сабралі ўдзельнікі ініцыятыўнай групы Сяргей Дайнека (2 подпісы), Таццяна Зеленая (1), Марына Краўцова (4), Ніна Максіменка (4). Такім чынам, не залічаны 42,3% правераных подпісаў.

–  Адносна памылак з запісам датаў і іншых недахопаў я згодны, што гэта недапрацоўкі ініцыятыўнай групы, – гаворыць І. Песікаў.

Паводле Выбарчага кодэксу, кандыдата ў дэпутаты не рэгіструюць, калі колькасць прызнаных несапраўднымі подпісаў перавышае 15% ад колькасці правераных.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма