Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

У Гомелі агітацыя пакуль не пачалася (фота)

У Гомелі адмысловыя стэнды, адведзеныя на прыпынках грамадскага транспарту пад агітацыйныя матэрыялы кандыдатаў у дэпутаты парламенту, пакуль пустыя. Калі не лічыць фізіяномій вясёлых клоунаў, якія прасвечваюць з іншага боку.

Такая сітуацыя захоўваецца па стане на 3 верасня, хоць і кандыдаты былі зарэгістраваны яшчэ 22 жніўня. Прынамсі, на тэрыторыі Чыгуначнага і Цэнтральнага раёнаў агітацыйных плакатаў пакуль не было заўважана. Не чуваць і не відаць нідзе абвестак і пра сустрэчы кандыдатаў з выбарцамі.

Варта заўважыць, што незалежны кандыдат па Гомельскай-Прамысловай акрузе Галіна Краўчанка спрабавала надрукаваць свае агітацыйныя матэрыялы, ды акруговая камісія не дазволіла ёй гэта зрабіць, запатрабаваўшы прыбраць з агітацыйнага матэрыялу словы «Народная праграма». Акруговая камісія палічыла «Народную праграму» рэкламай. Але Галіна Краўчанка адмовілася змяняць агітацыйны матэрыял, і накіравала скаргу ў ЦВК.

Дзеля справядлівасці трэба напісаць, што агітацыя ў Гомелі ўсе ж ёсць. Напрыклад, каля чыгуначнага вакзалу размешчана вялізарная расцяжка-рэклама ад «Гомельскага аддзялення Беларускага фонду міру». Фонд міру напісаў на расцяжцы зварот да жыхароў Гомеля: «23 верасня галасуем за мір, дружбу і дабро!» мы праверылі спісы кандыдатаў, і не знайшлі там такіх прозвішчаў «Мір, Дружба і Дабро».

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма