Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

На беларуска-польскай мяжы двойчы абшукалі віцебскую кандыдатку Алену Фаміну

Кандыдатка па Віцебскай-Горкаўскай акрузе № 17 Алена Фаміна вяталася з Варшавы ад сына. Беларускія мытнікі перагледзелі яе рэчы спачатку ў вагоне, потым  ссадзілі з цягніка і зрабілі паўторны ператрус ужо ў памяшканні мытні. На гэтым не задаволіліся – правялі асабісты дагляд, увесь час прапануючы добраахвотна задэклараваць нейкія грошы.

Алена Фаміна распавяла, што мытнікі перагледзелі не толькі яе сумку, але і  ўсё купэ, дзе яна ехала:

"Спачатку ўзялі пашпарт, потым папрасілі паказаць рэчы. Я не пратэставала, бо спачатку не адчуавала аніякіх праблем. Потым дзяўчына-мытніца прывяла нейкага начальніка, які сказаў, што ссаджвае мяне з цягніка для праверкі рэчаў. Мяне вывелі, а дзяўчына перагледзела, ці не пакінула я чаго ў ложку. Потым у мытнай залі сумку праверылі яшчэ раз. І весь час пыталіся, ці не хачу я задэклараваць грошы. У мяне з сабой было 250 даляраў і 140 беларускіх рублёў. Але мытнікі шукалі яшчэ нейкія, па ўсё верагоднасці, вялікія грошы!"

Мытнікі распытвалі, чаму Алена Фаміна ездзіла ў Польшчу і чаму часта бывае ў Літве. І, паводле спадарыні Фаміной, відавочна выконвалі чыйсці загад:

"Начальнік увесь час кансультаваўся па тэлефоне, што са мной рабіць. Бо нічога ж не знайшлі! Знайшлі толькі паперу, што я кандыдат у дэпутаты. Гэта, напэўна, і справакавала наступныя падзеі – мытнікі паехалі па санкцыю на асабісты дагляд… Адным словам, такога прыніжэння я не перажывала яшчэ ніколі ў жыцці!"

Ніводнай рэчы падчас ператрусу і асабістага дагляду канфіскавана не было. Да цягніка, каб не спазніцца, давялося бегчы бягом. А ў паперах, якія спадарыня Алена запатрабавала ад мытнікаў, перад ад'ездам,  так нічога і не было напісана пра тое, чаго яе затрымлівалі і даглядалі.

Падзеі апошніх дзён Алена Фаміна лічыць ціскам на сябе як на незалежную кандыдатку. Колькі дзён таму супрацоўнікі Першамайскага РАУС Віцебску без тлумачэння прычын канфіскавалі яе папку з дакументамі па выбарах і асабісты нататнік з тэлефонамі і адрасамі.

 

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма