Барыса Хамайду аштрафавалі за заклік байкатаваць выбары
Віцебскі апазіцыянер выйшаў у цэнтр горада з плакатам "Незаконным выбарам у незаконную "палатку" – байкот!" Аднак прастаяў з ім усяго каля дзьвюх гадзін: з'явіліся супрацоўнікі Чыгунчнага РАУС і адвезлі спадара Хамайду ў пастарунак. Потым давялося ехаць і ў Чыгуначны раённы суд, дзе актывісту далі штраф 400 тысяч рублёў.
Судзіла Барыса Хамайду суддзя Алена Цыганкова. Яна не пагадзілася з аргументамі затрыманага, што цяпер ідзе агітацыйная кампанія, і што любая агітацыя дазволеная.
"Мяне асудзілі за несанкцыянаванае пікетаванне. Я не адмаўляў, што агітую за байкот. Бо гэта мая пазіцыя: выбары я лічу незаконнымі, несвабоднымі, а будучы парламент – нелегітымным. Суддзя выходзіла з залы суду, з кімсці раілася, а потым абвясціла штраф памерам 4 базавыя велічыні", -- распавёў Барыс Хамайда.
Ён перакананы, што сваім учынкам даў прыклад не толькі прыхільнікам байкоту, але і тым незалежным кандыдатам, хто вырашыў балатавацца:
"Калі ў іх яшчэ няма ўлётак, не надрукаваныя плакаты, то чаго прасцей: зрабі плакат сам і выйдзі з ім да людзей. Гэта ж усё законна! Толькі агітацыя за байкот у нас лічыцца пазазаконнай…"
Плакат Барысу Хамайду не вярнулі. Што да іншых спробаў ладзіць пікеты за байкот, то ў Віцебску яны сапраўды пад забаронай.
Так, актывісты КХП БНФ падалі заяўкі больш як на 10 пікетаў, дзе меркавалі гаварыць з гараджанамі пра магчымасць байкатавання выбараў. Але на ўсе свае заяўкі атрымалі адмовы. Паводле адказаў з раённых адміністрацый, пікеты за байкот не маюць дачынення да агітацыйнай кампаніі. Таму праводзіць іх можна толькі ў адмыслова вызначаных гарвыканкамам месцах ды пры ўмове папярэдніх дамоўленасцяў з міліцыяй, службамі ЖКГ і медыкамі.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Каментароў пакуль няма