Бяроза: Ад кандыдата патрабуюць змяніць назву праграмнага артыкула
Праз 2 дні пасля здачы выбарчай праграмай пад назвай “Лукашэнка – гэта тупік. Выйсце з тупіка – сумленныя выбары” у Бярозаўскую раённую газету “Маяк” кандыдату ў дэпутаты ад АГП па Пружанскай выбарчай акрузе №9 Аляксандру Кабанаву патэлефанаваў галоўны рэдактар Аляксандр Іваноў і катэгарычна запатрабаваў змяніць назву, інакш у друк артыкул не пойдзе.
Гэта абурыла кандыдата, бо пад час здачы артыкула была дамоўленасць, што Кабанаў саступае патрабаванням рэдактара і дазваляе скасаваць 4 пункты праграмы: заклік да людзей не ісці на выбары, паведамленне аб тым, што кандыдат будзе здымацца, лозунгі “Калі вы хочаце сумленных выбараў, не бярыце ўдзелу ў несумленных” і “Удзел у выбарах, калі ёсць палітзняволеныя ў краіне -- проста амаральны”. У гэтым выпадку была дамоўленасць з рэдактарам, што агульны загаловак застаецца. Аляксандр Кабанаў папярэдзіў рэдактара аб адказнасці, калі назва будзе зменена без яго згоды альбо артыкул не будзе надрукаваны наогул.
Няпроста склаліся стасункі і з Брэсцкім тэлебачаннем, дзе па пісьмовай дамоўленасці з акруговай камісіяй запіс выступу кандыдата ў дэпутаты павінен быў адбыцца ў 10 раніцы. Калі Кабанаў пераступіў парог тэлестудыі ў 9.40, да яго падбеглі з крыкамі, што ён спазняецца і што запіс у яго запланаваны на 9.30. Кандыдат паказаў адпаведную паперу, але тэлевізіёншчыкі папярэдзілі, што на падрыхтоўку ў яго застаецца пяць хвілін, далей ідзе чарговы кандыдат. Па словах Кабанава, яму, як нявопытнаму ў тэлевізійных запісах чалавеку, цяжка было ў такой атмасферы па-хуткаму сабрацца.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Каментароў пакуль няма