Кандыдатам зарэгістравалі, але час на агітацыю страчаны
Віктар Цярэшчанка дамогся рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты толькі праз Вярхоўны суд. Але ён вымушаны звярнуцца ў ЦВК з шэрагам праблемных пытанняў, бо ягоныя правы як кандыдата абмежаваныя: ужо прайшло 10 дзён агітацыйнай кампаніі, і сканчваецца этап тэлэ- і радыёвыступаў перад выбаршчыкамі.
Віктар Цярэшчанка балатуецца па Шаркоўшчынскай выбарчай акрузе №29. Мясцовая акруговая камісія не зарэгістравала яго кандыдатам, прызнаўшы частку подпісаў недаставернымі.
Спрабуючы аспрэчыць гэта ў ЦВК, Віктар Цярэшчанка прынёс заявы людзей, якія пацвярджалі сапраўднасць сваіх подпісаў. Аднак, як заявіла кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына, Цэнтральная камісія, прымаючы рашэнне, павінна зыходзіць «з тых дакументаў, якія здабыла акруговая камісія».
Дамагчыся рэгістрацыі ўдалося толькі праз Вярхоўны суд, і скарга Віктара Цярэшчанкі пакуль што адзіная, якую задаволілі. Так, была адхілена скарга яшчэ аднаго ўдзельніка мінулай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі Уладзіміра Правальскага.
Але з-за страчанага на змаганне за кандыдацкі мандат часу Віктар Цярэшчанка апынуўся ў горшым становішчы за сваіх канкурэнтаў па Шаркоўшчынскай выбарчай акрузе №29. Ніякіх "кампенсацыйных" захадаў беларускім выбарчым заканадаўствам не прадугледжана. Разам са спадаром Цярэшчанкам па адной акрузе балатуюцца старшыня Шаркоўшчынскага райвыканкаму Мечыслаў Морхат і сябар ЛДП з Віцебску Юрый Пячэнін.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Каментароў пакуль няма