Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

У Светлагорску ніхто з кандыдатаў не зацікавіўся дэбатамі

Па ўсёй верагоднасці, тэлевізійных дэбатаў паміж светлагорскімі кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не будзе. Ніхто з іх не выказаў жадання ўдзельнічаць у гэтым перадвыбарчым мерапрыемстве.

Пра тое, ці адбудуцца тэледэбаты, Светлагорская акруговая выбарчая камісія не паведамляла. Адказ на гэта пытанне атрымалася высветліць у аднаго з кандыдатаў – Сяргея Дайнекі (кіраўнік раённай арганізіцыі партыі “Справядлівы свет”).

– На паседжанні, калі ўручаліся кандыдацкія пасведчанні, старшыня камісіі паведаміў, што паміж кандыдатамі могуць быць праведзены тэледэбаты. Ніхто з кандыдатаў адразу не адказаў, ці жадае ён удзельнічаць у дэбатах. Мне трэба было нейкі час падумаць наконт гэтага, – кажа Сяргей Дайнека (на здымку).

Цяпер С. Дайнека лічыць, што ўдзел у дэбатах не дасць істотнай карысці для агітацыйнай кампаніі.

– Дэбаты паказваюць па тэлебачанні ў запісу. Гэта значыць, што з усяго таго, аб чым будзе кандыдат гаварыць падчас дэбатаў, выражуць і пакажуць толькі 5 хвілін, і кандыдат не ведае, што з яго слоў ў гэтыя хвіліны патрапіць. Таму я не буду падаваць заяўку на ўдзел у дэбатах. Думаю, што і іншыя кандыдаты не будуць.

Акрамя С. Дайнекі, у Светлагорскай выбарчай акрузе кандыдатамі зарэгістраваны педагог Святаслаў Ярных (Ліберальна-дэмакратычная партыя) і старшыня райсавета Г. Філіповіч. Са звычайнымі агітацыйнымі прамовамі светлагорскія кандыдаты ў дэпутаты па тэлевізіі ўжо выступілі.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма