Маладэчна: “сямейны падрад” на піяр
У апошнім нумары “Маладэчанскай газеты” на трэцяй старонцы можна ўбачыць вялізнае фота рэдактаркі мясцовага радыё Галіны Лазоўскай, якой на свяце журналістыкі ўручае кветкі міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі. У дадзены момант спадарыня Лазоўская з’яўляецца кандыдаткай у дэпутаты па Маладэчанскай гарадской акрузе №72, а рэдактар “Маладэчанскай газеты” – яе муж.
Артыкул, у якім размешчана фота, наогул прысвечаны абласному святу журналістыкі, але распавядае ў асноўным пра прэс-канферэнцыю са старшынём аблвыканкама: пра тэхнічнае пераўзбраенне малочнатаварных ферм, уборку збожжавых, прыцягненне інвестыцый, праблему прыцягнення маладых спецыялістаў, стварэнне холдынгаў і г.д. Толькі дзеясятая частка матэрыяла прысвечана менавіта святу журналістыкі і ўшанаванню пераможцаў спаборніцтва сярод сродкаў масавай інфармацыі Міншчыны.
Нягледзячы на тое, што Галіна Лазоўская – толькі адна з тых прадстаўнікоў мясцовых СМІ, што былі ўшанаваны граматамі і дыпломамі, рэдактар “Маладэчанскай газеты” выбраў для ілюстравання матэрыялу менавіта яе. Відаць, палічыў, што дадатковы піяр падчас выбарчай кампаніі кандыдатке залішнім не будзе.
Для тых кандыдатаў, што не з’яўляюцца сваякамі рэдактара, “Маладэчанская газета” вызначыла кошты платнага піяру – у такім выпадку газетная плошча каштуе 5 разоў даражэй, чым за рэкламу камерцыйную.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма