Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Ярмошына: агітацыйныя сустрэчы ў дварах могуць парушыць спакой грамадзян

  • Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтрвыбаркама
    Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтрвыбаркама

Іван Шыла, які з’яўляецца даверанай асобай салігорскага кандыдата ў дэпутаты Віктара Малочкі, атрымаў адказ з ЦВК на сваю скаргу на рашэнне Салігорскага выканкаму “Аб вызначэнні месцаў для правядзення ў паведамляльным парадку масавых мерапрыемстваў, якія арганізуюцца кандыдатамі ў дэпутаты ў Салігорскім раёне”.

У сваёй скарзе прадстаўнік кандыдата выказваў незадаволенасць рашэннем салігорскіх чыноўнікаў, якія дазволілілі агітацыйныя сустрэчы толькі на нешматлюдных пляцоўках школьных стадыёнаў ды ўскрайкавым парку “Маладосць”, што значна звузіла магчымасці для кантактаў з выбаршчыкамі. Цэнтральная плошча, галоўныя вуліцы, дваравыя тэрыторыі і наогул шматлюдныя месцы Салігорску апынуліся забароненымі для агітацыйных сходаў.

Як і прагназавалася, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ў дадзенай спрэчцы стала на бок чыноўнікаў. “Пры падрыхтоўцы гэтага рашэння мясцовыя ўлады кіраваліся тым, што пры правядзенні масавага мерапрыемста магчымы вялікі збор народу. Таму ў гэтых мэтах двары не падыходзяць. Гэта можа парушыць спакой грамадзян, пражываючых у дамах вакол двара, і перакрыть рух транспарту,” - сцвярджае ў сваім адказе кіраўніца ЦВК. Чаму такія сходы забаронены на цэнтральнай плошчы ды галоўных вуліцах гораду, наўпрост створаных для “вялікага збору народу”, спарадарыня Ярмошына не паведамляе.

Іван Шыла лічыць дадзенае рашэнне ЦВК цалкам прадказальным:

- Улады па-ранейшаму імнуцца “схаваць” выбары і звузіць магчымасці дэмакратычных сіл для легальных кантактаў з людзьмі.

Таксама маладзён адзначае наўпроставую непісьменнасць адказных супрацоўнікаў ЦВК, якія дазваляюць сабе процьму граматычных і стылістычных памылак у афіцыйных паперах. На думку Івана Шылы, гэткія акалічнасці з’яўляюцца сведчаннем даволі нізкага адукацыйнага ўзроўню чыноўнікаў самага высокага рангу, што не можа не адбіцца на якасці выбарчага працэсу.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма