Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Слонім: кандыдаты скардзяцца на няроўныя ўмовы для агітацыі

Кандыдаты ў дэпутаты па Слонімскай выбарчай акрузе №58 Іван Шэга і Міхаіл Караткевіч сёння падалі ў акруговую выбарчую камісію дзве скаргі, звязаныя з няроўнымі ўмовамі правядзення агітацыі па выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў на Зэльвеншчыне. Учора і сёння кандыдаты накіравалі таксама дзве скаргі на імя Лідзіі Ярмошынай у Цэнтральную выбарчую камісію.

Міхаіл Караткевіч распавёў: “Першая і другая скаргі — на няроўнасць умоваў правядзення агітацыі. Учора нас сустрэў старшыня Сынковіцкага сельскага Савета Зэльвенскага раёна Сяргей Духцік, які павёў сябе неадэкватна, абвінаваціўшы нас у парушэнні выбарчага заканадаўства. Нашу сустрэчу з выбаршчыкамі ў памяшканні  ён назваў масавым мерапрыемствам і сказаў, што не можа яе дазволіць, паколькі мы не напісалі заяву ў ЦВК. Падчас нашай размовы пад'ехала машына, поўная міліцыянтаў, мусіць, выкліканая ім для поўнага антуражу. Міліцыянт забраў у мяне агітацыйную ўлётку. Такім чынам, запланаваная намі сустрэча з выбаршчыкамі была сарвана. Лічым такія паводзіны прадстаўніка мясцовай улады парушаючымі выбарчае заканадаўства РБ і патрабуем ад акруговай камісіі забяспячэння роўных умоваў для агітацыі ўсім кандыдатам, патрабуем таксама забяспечыць нам магчымасць сустрэчы з выбаршчыкамі Сынковіцкага сельскага Савета”.

Другую скаргу пракаментаваў кандыдат у дэпутаты Іван Шэга: “3 верасня ў 18.00 мы звярнуліся да начальніка аўтакалоны і галоўнага інжынера на мехдвары СВК “Сынковічы” Зэльвенскага раёна з прапановай правесці сустрэчу з выбаршчыкамі - механізатарамі гаспадаркі. Была дасягнута дамоўленасць, што 4 верасня ў 07.45 мы зможам яе правесці. 4 верасня, у дамоўлены час, мы прыехалі на мехдвор, аднак старшыня СВК “Сынковічы” Дзмітрый Дзешка нам адмовіў у правядзенні сустрэчы, паколькі мы, маўляў, не дамовіліся асабіста з ім. Пры гэтым людзі, з якімі мы дамаўляліся, тэрмінова былі адпраўлены у камандыроўку. У такі дзеяннях мы бачым нежаданне кіраўніцтва СВК прадставіць нам магчымасць агітацыі сярод іх працаўнікоў на роўных умовах з кандыдатам Сопікавай, якая праводзіла сваю сустрэчу на тым жа двары ў 10.00 27 жніўня, прычым у працоўны час. Мы  патрабуем ад акруговай выбарчай камісіі забяспячэння роўных умоваў для агітацыі ўсім кандыдатам, патрабуем таксама забяспечыць нам магчымасць сустрэчы з выбаршчыкамі”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма