Да ўвагі Назіральнай Рады: Кандыдат Содзель дапускае зняважлівыя выказванні на адрас апанентаў
У “Мінскім кур’еры” з’явілася праграма кандыдата ад Камуністычнай партыі Беларусі Жана Содзеля, які балатуецца па Каліноўскай выбарчай акрузе №108. У звароце да выбаршчыкаў ён заклікае захаваць стабільнасць у краіне і выступіць супраць “празаходніх грантасмокаў ад так званай апазіцыі”.
Жан Содзель – адзін з самых маладых кандыдатаў у сёлетняй выбарчай кампаніі. Летась ён скончыў Белдзяржуніверсітэт, апошнім часам працаваў журналістам на тэлеканале АНТ. Тэлеглядачам ён запомніўся сюжэтамі, дзе негатыўна распавядаў пра дзейнасць апазіцыйных партыяў.
У сваёй выбарчай праграме ён таксама не абмінае гэтай тэмы: “Нам дарагія стабільнасць, мір і грамадзянская згода ў нашым агульным доме. І мы не можам і не павінныя дазволіць псеўдапатрыётам і лібералам розных масцяў абрынуць краіну ў багну хаоса і беспарадку… Прагаласаваўшы за кандыдата ад Камуністычнай партыі Беларусі, вы падтрымаеце стабільнасць і ўласны дабрабыт. І выступіце супраць празаходніх грантасмокаў ад так званай апазіцыі, якую ўтрымліваюць еўра-амерыканскія распаўсюднікі дэмакратыі,” – утрымліваецца ў тэксце.
Дадзеныя словы супярэчаць нормам арт.47 Выбарчага кодэксу РБ, дзе прапісана, што агітацыйныя матэрыялы “не павінны ўтрымліваць абразаў і паклёпу ў дачыненні да … кандыдатаў у дэпутаты”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма