Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Магілёў: “Разбіральніцтва” з кандыдатам Леанідам Падбярэцкім -- сёння

  • Леанід Падбярэцкі
    Леанід Падбярэцкі

Сёння, 4 верасня, каля гандлёвага цэнтра “Крыніца” кандыдат у дэпутаты Леанід Падбярэцкі выставіў пікет і агітаваў за сябе. Прастаяць у пікеце ў Леаніда Падбярэцкага атрымалася каля 20 хвілін, пасля чаго недалёка прыпыніўся белы аўтамабіль маркі ВАЗ-2105, з якога выйшла два маёры міліцыі без бэйджыкаў і пачалі распытваць што тут адбываецца.

Леанід Падбярэцкі сказаў, што выстаўлены пікет у ягоную падтрымку, бо ён вылучаецца кандыдатам у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў і агітуе за сябе, на што міліцыянты сказалі, што пікет незаконны, яго неабходна згарнуць і праехаць у Ленінскі РАЎС Магілёва для разбіральніцтва. Затрымалі актывіста міліцыянты ў 14-20.

У Ленінскім РАЎСе кандыдат ў дэпутаты прабыў каля гадзіны, пасля чаго яго адпусцілі, выпісаў пры гэтым яму позву на сёння, на 18-00. Агітацыйны стэнд з улёткамі і плакатамі яму не вярнулі.

“У РАЎСе маёры аддалі мяне ў распараджэнне старэйшага лейтэнанта, які зусім не ведаў, што са мной рабіць, бо не кожны ж дзень затрымліваюць кандыдатаў у дэпутаты. У мяне ўзялі тлумачэнні. Я спрабаваў ім патлумачыць, што ідуць выбары і што на прэзідэнцкіх выбарах у 2010 годзе ніякіх перашкодаў міліцыяй не чынілася. Пасля гэтага мяне адпусцілі, праўда, выпісалі позву явіцца для далейшага разбіральніцтва сёння вечарам”, - кажа Леанід Падбярэцкі.

Лідэр магілёўскай кампаніі “Гавары праўду” Сяргей Лапуцін лічыць, што затрыманне Леаніда Падбярэцкага было звязана з прыездам у Магілёў каардынатара кампаніі “Гавары праўду” Андрэя Дзмітрыева.

“Леанід Падбярэцкі – актывіст кампаніі “Гавары праўду” і на выбарах падтрымліваецца кампаніяй. Сёння, замест Леаніда на тэледэбатах мусіў выступіць у якасці ягонай даверанай асобы Андрэй Дзмітрыеў. Літаральна за некалькі хвілін да ягонага прыезду ў Магілёў затрымалі Леаніда Падбярэцкага. Верагодна, такім чынам прадстаўнікі ўлады захацелі прадэманстраваць сваю ўладу і паказаць, што яны ўсё кантралююць”, - кажа Сяргей Лапуцін.

Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што перад правядзеннем пікета падчас выбарчай кампаніі неабходна ўведамляць органы мясцовай улады аб месцы і часе яго правядзення.

“Гэтага не было зроблена, аднак міліцыянты не мелі права затрымліваць кандыдата ў дэпутаты нават пры несанкцыяваным пікеце. Яны павінны былі запатрабаваць згарнуць пікет і толькі ў выпадку адмовы мелі права затрымліваць Леаніда Падбярэцкага”, - кажа праваабаронца.

 Леанід Падбярэцкі з’яўляецца актывістам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) і грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”.

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма