Магілёўская міліцыя спыніла адміністрацыйную справу ў дачыненні да апазіцыйнага кандыдата
Матэрыялы справы аб інцыдэнце з Леанідам Падбярэцкім міліцыя перадала ў адміністрацыю Ленінскага раёна Магілёва. Акрамя таго, міліцыя вярнула кандыдату ў дэпутаты агітацыйны стэнд. Леанід Падбярэцкі кажа, што супрацоўнік міліцыі сам данёс яго і паклаў ў ягоную машыну.
Нагадаем, што сёння, 4 верасня, у 14-20 каля гандлёвага цэнтру “Крыніца” у Магілёве быў затрыманы кандыдат у дэпутаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) і актывіст кампаніі “Гавары праўду” Леанід Падбярэцкі.
Нагодай да затрымання стала тое, што агітацыйны пікет быў несанкцыяваны. Міліцыянты запатрабавалі праехаць Леаніду Падбярэцкаму для разбіральніцтва ў Ленінскі РАЎС. Там яго пратрымалі каля гадзіны, пасля чаго адпусцілі і выпісалі позву для далейшага разбіральніцтва на 18-00 гэтага ж дня. Пасля разбіральніцтва яго адпусцілі.
Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што адміністрацыйная справа за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў падчас выбарчых кампаній была закрыта міліцыяй у сувязі з тым, што складанне пратаколу на кандыдата ў дэпутаты Леаніда Падбярэцкага з гэтай нагоды непадуладна ім.
“Усе матэрыялы справы перададзены ў адміністрацыю Ленінскага раёна, якая мае права сама ўзбудзіць адміністрацыйную справу ў адпаведнасці з артыкулам 9.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за парушэнне выбарчага заканадаўства. Паводле гэтага артыкула кандыдат у дэпутаты можа атрымаць папярэджанне альбо штраф у памеры да 15 базавых адзінак. Мяркую, што гэтага не будзе, а справу проста перададуць у акруговую выбарчую камісію, якая сама прыме рашэнне аб тым, што рабіць з Леанідам Падбярэцкім”, - кажа Барыс Бухель.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма