Магілёў: аўтобусны парк адмаўляецца размяшчаць улёткі апазіцыйнага кандыдата
Намеснік дырэктара па ідэалогіі аўтобуснага парка №1 сп.Азараў у тэлефоннай размове паведаміў, што забаранілі размяшчаць улёткі кандыдата ў дэпутаты ад “Гавары праўду” Леаніда Падбярэцкага ў салонах аўтобусаў прадстаўнікі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва. Канкрэтна назваць прозвішча чалавека з адміністрацыі, з якім сп.Азараў кансультаваўся па гэтым пытанні, ён адмовіўся.
Дырэктар аўтобуснага парку №1 сп.Лазарэнка адзначыў, што за ўвесь час знаходжання яго на пасадзе ніхто не звяртаўся з просьбай размясціць ўлёткі кандыдатаў у дэпутаты ў салонах аўтобусах, ён не мае такога вопыта і не хоча яго распачынаць.
Леанід Падбярэцкі кажа, што аўтобусны парк, як і некаторыя іншыя дзяржаўныя арганізацыі, проста шукаюць розныя нагоды, каб адмовіць, бо іх кіраўніцтва баіцца згубіць свае працоўныя месцы.
“У сакратара сп.Лазарэнкі не запраўлены прынтар і няма факсавай паперы. Яна не ўключае кампутар, бо без прынтара ён для яе губляе сэнс. Усяму гэтаму віной - недахоп сродкаў у аўтапарку. Тым часам кіраўніцтва аўтобуснага парку не жадае паправіць сваё матэрыяльнае становішча праз размяшчэнне маіх агітацыйных улётак у салонах аўтобусаў. Я не кажу, што гэта велізарныя сродкі, аднак іх, як мінімум, на набыццё паперы для факса і запраўку прынтара хабіла б з дастаткам. Для таго, каб я аплаціў гэтую паслугу – у мяне створаны спецыяльны фонд кандыдата ў дэпутаты. Баюся, што пры такім раскладзе гэты фонд можа застацца па-просту нерэалізаваны”, - кажа Леанід Падбярэцкі.
Нагадаем, што Леанід Падбярэцкі вылучаецца ў дэпутаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) і грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма