Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Асіповічы: акруговая камісія пагражае кандыдату ад БНФ зняццём з выбараў

Альберт Яўменаў, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад партыі БНФ па Асіповіцкай выбарчай акрузе № 89, распавёў, што ў акруговай камісіі да яго з’явілася патрабаванне, за невыкананне якога яго нават абяцаюць зняць з выбараў.

“Ад мяне патрабуюць копіію загада з месца працы як пацвярджэнне, што я знахожуся ў адпачынку, а прадставіць такую копію я папросту не магу, бо працую па дамове, а не па працоўным кантракце. Выканаў працу – мне заплацілі грошы, не выканаў – хадзі галодны. Пакуль у камісіі маіх тлумачэнняў не разумеюць, хоць усе гэтыя палажэнні прапісаны ў Працоўным кодэксе”, - кажа Альберт Яўменаў, які працуе арматуршчыкам у замежным таварыстве з абмежаванай адказнасцю ў Мінску.

Апазіцыйны кандыдат таксама адзначае, што ён не збіраецца выкарыстоўваць грошы Цэнтрвыбаркама на перадвыбарчую агітацыю:

“Хутчэй за ўсё, на другой частцы партыйнага з’езда будзе прынятае рашэнне пра зняццё кандыдатаў ад партыі БНФ з выбараў, таму грошы ЦВК выкарыстоўваць не збіраюся. Больш увагі надаю сустрэчам і размовам з людзьмі проста на вуліцах. Якой-небудзь агітацыйнай прадукцыі сваіх апанентаў я таксама пакуль не бачыў, хоць давялося пабываць, акрамя Асіповічаў, і ў Кіраўску, і ў Клічаве. Магчыма, яна дзе-небудзь і ёсць, ну а ў Елізаве, дзе я жыву, дакладна нічога пра кандыдатаў няма”.

Канкурэнтамі Яўменава ў Асіповіцкай выбарчай акрузе № 89 з’яўляюцца прадстаўнік ліберальна-дэмакратычнай партыі з Мінску Дзмітрый Галалобаў і дырэктар сумеснага беларуска-брытанскага  ААТ “Дах” з Асіповічаў Мікалай Калтуноў.

На сённяшні дзень у Асіповічах амаль нічога не нагадвае пра маючыя адбыцца парламенцкія выбары. Адзінае, што сведчыць пра перадвыбарчую кампанію – гэта інфармацыйныя стэнды, якія з’явіліся ў дазволеных месцах. Аднак і на гэтых стэндах пакуль няма ніякай агітацыйнай прадукцыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Асіповіцкай выбарчай акрузе № 89, там змешчана толькі агульная інфармацыя пра выбары.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма