Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Старшыня акруговай камісіі: “Паседжання не будзе, таму што... я перадумала”

  • Прадстаўнік БХК у Маладэчне Эдуард Баланчук
    Прадстаўнік БХК у Маладэчне Эдуард Баланчук

Прыйшоўшы 4 верасня на паседжанне камісіі Маладэчанскай гарадской акругі, аб якім загадзя паведамляла абвестка, назіральнік даведаўся, што паседжанне не адбудзецца. Спытаўшыся ў старшыні камісіі Святланы Юрчык пра прычыны яго адмены ці пераносу, ён пачуў: “Паседжання не будзе, таму што... я перадумала”. Назіральнік так і не атрымаў ніякіх афіцыйных тлумачэнняў, акрамя “проста вырашылі яго не праводзіць”.

На паседжанні, якое мусіла адбыцца, камісія збіралася вынесці другое папярэджанне кандыдату Яну Лагвіновічу за тое, што ён не прадаставіў з месца працы копію загаду аб сыходзе ў перадвыбарчы адпачынак. На мінулым тыдні, пасля першага папярэджання, Ян накіраваў па гэтым пытанні заяву ў ЦВК і толькі ў аўторак 4 верасня атрымаў тэлеграму, што ЦВК разгледзіць ягоны зварот 5 верасня.

Відаць, што з-за гэтага і было адменена паседжанне камісіі Маладэчанскай акругі, старшыня якой проста вырашыла “не лезці наперадзе бацькі ў пекла”: спачатку даведацца пра “прысуд” вышэйшай інстанцыі, а потым ужо дзейнічаць “самастойна”.

Назіральнік Эдуард Баланчук адзначае, што яго вельмі абурае падобны падыход да справы прадстаўнікоў камісіі: “Гэта проста нейкі балаган: захацелі – правялі паседжанне, захацелі – адмянілі. Хто адмяніў, калі і як гэта было вырашана? Напэўна, тады і галасы будуць лічыць, як ім захочацца?!”

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма