Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Гомельшчына: назіральнікі ад СНД хваляць выбары, ад БДІПЧ АБСЕ – устрымліваюцца ад ацэнак

  • назіральнік ад місіі СНД І.Катлабай і А.Эшанкулаў падчас візіту ў Мазыр (фота mazyr.by)
    назіральнік ад місіі СНД І.Катлабай і А.Эшанкулаў падчас візіту ў Мазыр (фота mazyr.by)

У Гомельскай вобласці працуюць доўгатэрміновыя назіральнікі ад СНД і з місіі БДІПЧ АБСЕ. Назіральнікі ад СНД ужо «засвяціліся» амаль ва ўсіх раённых газетах Гомельскай вобласці. Прычым яны безупынна хваляць выбарчы працэс.

Напрыклад, назіральнік ад місіі СНД Іван Катлабай у інтэрв'ю мазырскай раённай газеце «Жыццё Палесся» выказаўся пра выбары, што «тое, што мы ўбачылі, заслугоўвае добрых слоў: добразычлівыя адносіны, спакойная абстаноўка, дзелавітасць, высокі прафесіяналізм акруговых камісій і ўсіх, хто задзейнічаны ў выбарах». Назіральнік дадаў, што «ёсць наглядная агітацыя, наглядная інфармацыя на кожным участку», ён адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўчай дакументацыі, які адпавядае заканадаўству дзяржавы ў выбарчых працэсах.

Яго калега Аманжан Эшанкулаў сцвярджае, што выбары праходзяць у рамках заканадаўства і з боку назіральнікаў ні ў адной акрузе не было выяўлена нейкіх недахопаў ці парушэнняў. «Ва ўсіх рэгіёнах, дзе я быў, падрыхтаваны вельмі добры агітацыйны матэрыял: транспаранты, расцяжкі. Усё гэта стварае святочную атмасферу», - адзначае Аманжан Эшанкулаў.

Пахвалілі працу акруговых камісій і наогул выбарчы працэс гэтыя назіральнікі і ў час наведвання іншых раёнаў Гомельскай вобласці, аб чым напісалі дзяржаўныя газеты.

Варта ўзгадаць, што назіральнік ад СНД Іван Катлабай працаваў у Гомельскай вобласці і на прэзідэнцкіх выбарах у снежні 2010 года. І тады таксама не заўважыў ніякіх парушэнняў заканадаўства. Хоць і кандыдаты ў прэзідэнты пасля выбараў апынуліся ў турме, а некалькі соцень беларусаў былі жорстка збітыя спецназам і засуджаныя да адміністратыўных арыштаў.

Працуюць зараз у Гомельскім рэгіёне і тры каманды доўгатэрміновых назіральнікаў ад БДІПЧ АБСЕ. Яны правялі ўжо шэраг сустрэч: з чыноўнікамі, кандыдатамі ў дэпутаты, праваабаронцамі, наведалі акруговыя камісіі. Але да канца працы місіі міжнародныя назіральнікі устрымліваюцца ад якіх-небудзь ацэнак выбарчага працэсу.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма